МІНСК, 24 ліс — Sputnik. Дажджлівае надвор'е захаваецца ў Беларусі да канца гэтага тыдня, а на пачатку наступнага — пахаладае, паведаміў Sputnik у чацвер начальнік службы гідраметэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыёактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Дзмітрый Рабаў.
Раней сіноптыкі абяцалі, што сярэдняя тэмпература паветра апошняй дэкады лістапада будзе на 1-2°С вышэй за кліматычную норму.
"У выхадныя дні ў паўночных і цэнтральных раёнах краіны чакаецца ўзмацненне заходняга ветру парывамі да 15-20 м/с, які будзе суправаджацца ападкамі ў выглядзе мокрага снегу і дажджу. Рэзкія павароты ветру, скокі атмасфернага ціску і ваганні тэмпературы запатрабуюць увагі да самаадчування і асцярожнасці на дарогах", — сказаў сіноптык.
Паводле яго слоў, у пятніцу ў асобных раёнах пройдзе невялікі дождж з мокрым снегам, днём тэмпература складзе 0..+5°С.
У суботу 26 лістапада па паўночнай палове рэспублікі кароткачасовыя ападкі, раніцай і днём у паўночных і цэнтральных раёнах — узмацненне заходняга ветру, а тэрмометры ўдзень пакажуць ад —1 да +5°С.
Суразмоўца Sputnik таксама паведаміў, што ў нядзелю паўсюдна пройдзе снег з дажджом, зноў будзе моцны вецер, тэмпература днём па-ранейшаму не перавысіць +5°С.
"На пачатку наступнага тыдня ўслед за халодным фронтам на тэрыторыю краіны чакаецца паступленне халодных паветраных мас арктычнага паходжання з поўначы Еўропы", — сказаў Рабаў.
Паводле яго слоў гэта прывядзе да паніжэння тэмпературы паветра ў Беларусі.