МІНСК, 25 ліс — Sputnik. Больш за 60 заявак ужо зарэгістраваныя Белтэлерадыёкампаніяй для ўдзелу ў нацыянальным адборы на "Еўрабачанне", паведаміла Sputnik прэс-сакратар медыяхолдынга Святлана Смалонская.
Прыём заявак на адбор у "Еўрабачанні" быў абвешчаны ў лістападзе і доўжыўся да 22 чысла. Зараз у НДТРК працягваюць рэгістраваць заяўкі, якія паступілі поштай — тыя, якія былі адпраўленыя да дня заканчэння адпраўлення заявак.
"Сёння ўжо 64 заяўкі прынятыя. Працягваем іх атрымліваць і сёння", — распавяла прадстаўнік Белтэлерадыёкампаніі.
Суразмоўца Sputnik назвала імёны некаторых з тых, хто падаў заяўкі — напрыклад, зноў паспрабуе свае сілы група STROGO BOBRUISK, якая ў 2014-м годзе запомнілася песняй пра Макса Каржа.
Іншыя любімчыкі інтэрнэт-публікі — зомбі-гурт Sweet Brains — пакуль заяўку не падалі.
Ёсць і вядомыя сярод аматараў адбору на "Еўрабачанне" персанажы: спявачка Napoli, група Nuteki, чалавек-баян Віталь Варанко.
Фіналістаў леташняга адбору Кірыла Ермакова, Анастасіі Малашкевіч, Аляксея Гроса і Валерыі Садоўскай сярод тых, хто падаў заяўкі, няма.
Да гэтага часу няма і абяцанай заяўкі ад расійскага прадзюсара Макса Фадзеева, затое за "пуцёўку" на папулярны конкурс пазмагаецца гурт "Красотки" — выхаванкі дэпутата Ірыны Дарафеевай.
Праслухоўванне заявак пройдзе ў НДТРК 30 лістапада, у той жа вечар у эфіры тэлебачання назавуць імёны 15 фіналістаў адбору. Імя прадстаўніка Беларусі на "Еўрабачанне-2017" у Кіеве назавуць у студзені.