МІНСК, 28 ліс — Sputnik. Навагодняе тэатралізаванае шэсце Дзядуляў Марозаў і Снягурак сёлета адбудзецца 24 снежня, поўная праграма сталічных святочных мерапрыемстваў размешчана на сайце Мінгарвыканкама.
"Шэсце, як і летась, пачнецца на плошчы Незалежнасці насупраць Мінгарвыканкама і пройдзе па праспекце да Ратушы, дзе адбудзецца навагодні перфоманс. Сёлета ў Ратушы будзе навагодні паказ са спецэфектамі", — распавяла Sputnik мастацкі кіраўнік дзяржаўнай установы "Мінскканцэрта" Алена Радзівонава.
Шэсце пачнецца а 17:30 — гэта час выбраны з разлікам на тое, каб прадстаўленне ля Ратушы глядзелася больш выйгрышна за кошт светлавых эфектаў.
Радзівонава распавяла, што ў аснове шэсця будзе ляжаць арыгінальны казачны сюжэт, спецыяльна напісаны для святочнага прадстаўлення. У калоне, акрамя Дзядуляў Марозаў і Снягурак, з'явяцца мультперсонаж. У мінулыя гады дзятву віталі Маша і Мядзведзь і трансформеры. Хто стане героем цяперашняга прадстаўлення, Радзівонава не расказала.
"Няхай гэта будзе сюрпрыз. Але, паверце, будзе цікава", — заўважыла мастацкі кіраўнік "Мінскканцэрта".
Акрамя тэатралізаванага шэсця, у пераднавагоднія дні ў Мінску адбудзецца мноства святочных мерапрыемстваў: калядныя кірмашы, вулічныя гулянні, прадстаўленні для дзяцей і балі-маскарады для людзей ва ўзросце.
Поўны спіс мерапрыемстваў, у тым ліку тых, якія адбудуцца ў навагоднюю ноч, размешчаны на сайце Мінгарвыканкама.