ГРОДНА, 6 сне — Sputnik, Антон Клімко. У мінулыя выходныя ў Новым замку ў Гродна шпацыравалі крылатыя гусары у цяжкіх даспехах з вялізнымі крыламі за спіной і ваяры ў футравых шапках, упрыгожаных гусінымі пёрамі. У кожнага на сцягне вісела шабля або сякерка.
У Гродна прыехалі каля 50 удзельнікаў польскіх гістарычных клубаў, якія займаюцца рэканструкцыяй касцюмаў і бітваў часоў польскага караля Стэфана Баторыя, і іншыя госці з Польшчы, Чэхіі і Венгрыі.
Так у абласным цэнтры ўспомнілі польскага караля і вялікага князя літоўскага Стэфана Баторыя. Апошнія гады свайго жыцця ён правёў у Гродне і памёр тут 430 гадоў таму ў Старым замку.
Крылатыя гусары і жартоўныя баі
Тэрыторыя абодвух замкаў на два дні акунулася ў сярэдзіну XVI стагоддзя. Удзельнікі клубаў прывезлі з сабой рэканструяваныя касцюмы, упрыгожаныя мяхамі, рыцарскія даспехі і халодную зброю, якая выкарыстоўвалася 400 гадоў таму. У дворыку Новага замка воіны паказалі гледачам бітвы на шаблях, зладзілі і жартоўныя баі з гледачамі.
У нядзелю адбылося ўрачыстае шэсце ад сцен Новага замка да Фарнага касцёла. Тут прайшло набажэнства ў памяць пра польскага караля.
Любімы горад караля
Гродна быў любімым горадам Стэфана Баторыя і лічыўся неафіцыйнай сталіцай Рэчы Паспалітай. Тут кароль зладзіў сваю рэзідэнцыю і, як сцвярджаюць гісторыкі, за час свайго кіравання правёў больш часу, чым у Кракаве. Па загадзе Стэфана Баторыя ў Гродне перабудавалі Стары замак і Фару Вітаўта (храм быў знесены 55 гадоў таму).
Тут жа вялікі кароль і памёр ад прастуды, якую падхапіў падчас палявання. Каб высветліць прычыну смерці караля, у Гродне правялі першае ва Усходняй Еўропе анатамічнае ўскрыццё цела. Цікава, што Баторый завяшчаў пахаваць яго ў Фары Вітаўта. Праўда, саркафаг з астанкамі караля прабыў у гэтым храме ўсяго паўгода. Затым яго перавезлі ў Кракаў у Вавельскі замак.
Арганізатарамі свята выступілі Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей, Саюз палякаў на Беларусі, варшаўская НДА "Гусар" і група гістарычнай рэканструкцыі "Харугва гетмана Станіслава Жалкеўскага".
Дарэчы, большасць замежных гасцей прыехалі ў Гродна, скарыстаўшыся бязвізавым рэжымам, які дзейнічае з 16 кастрычніка.










