МІНСК, 6 сне — Sputnik. Дэкрэт №3 "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства" адменены не будзе, але дакумент трэба дапрацаваць з улікам выяўленых недахопаў, заявіў у аўторак прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.
На нарадзе, якая прайшла ў кіраўніка дзяржавы з удзелам віцэ-прэм'ера Наталлі Качанавай, абмяркоўваліся меры, накіраваныя на ўдасканаленне адносін у гэтай сферы.
"Былі прапановы ледзь не адмовіцца ад гэтага дэкрэта: шмат крытыкі, цяжка адміністраваць і многія іншыя пытанні. Тады я сказаў, што якія б ні былі размовы, для таго, каб прымаць дадатковае рашэнне, трэба пажыць, папрацаваць. Прайшло больш за год", — сказаў Лукашэнка.
Ён таксама адзначыў, што цяпер ужо відаць, што даў дэкрэт, але акрамя станоўчых яго бакоў ёсць і недапрацоўкі.
"Недахопы ёсць? Ну што ж, давайце папраўляць", — заявіў прэзідэнт.
Лукашэнка расказаў, што яго турбуе не тое, што людзі, якія падпадаюць пад нормы дэкрэта, атрымліваюць льготы або бясплатнае абслугоўванне.
"Мяне больш за ўсё хвалюе рэакцыя людзей на гультаёў. Чалавек, які можа працаваць, не інвалід, ня абмежаваны ў нейкіх здольнасцях і магчымасцях, ён павінен працаваць, зарабляць на сябе і сваю сям'ю і прыносіць карысць краіне, выплачваючы падаткі", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Лукашэнка даручыў Качанавай разабрацца, ці надзейны заслон пастаўлены сацыяльнаму ўтрыманству ў Беларусі, як дэкрэт ўздзейнічае на людзей, якія не жадаюць працаваць, і наколькі якасна складаюцца спісы плацельшчыкаў сацыяльнага збору.
"Нярэдка паведамлення на выплату збору паступаюць ад падатковых інспекцый грамадзянам, якія не абавязаныя плаціць гэты збор і не павінны былі ўключацца ў спісы плацельшчыкаў: студэнтам, жанчынам, якія знаходзяцца ў дэкрэтных адпачынках, нават салдатам тэрміновай службы. У гэтай сітуацыі заўсёды будуць нейкія недахопы. Галоўнае, каб мы бачылі гэтыя недахопы і своечасова іх ліквідавалі", — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт запатрабаваў ад Качанавай далажыць аб выніках выканання ўрадам краіны даручэння аб стварэнні працоўных месцаў для беспрацоўных і выніках маніторынгу беспрацоўя ў рэгіёнах.