МІНСК, 6 сне — Sputnik. Паніжэнне тэмпературы чакаецца ў Беларусі на працягу дня ў аўторак: увечары тэрмометры пакажуць да —10°C, паведамілі Sputnik у Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя.
Раней сіноптыкі прагназавалі, што пахаладанне будзе часовым: ужо ў чацвер у Беларусь зноў прыйдзе цяпло.
"Будзе воблачна з праясненнямі, на большай частцы тэрыторыі Беларусі пройдуць кароткачасовыя ападкі — пераважна снег, магчымая слабая мяцеліца. На дарогах галалёдзіца", — сказалі ў Гідрамеце.
Там таксама паведамілі, што вецер будзе парывісты заходняга напрамку з пераходам на паўночны.
Паводле інфармацыі сіноптыкаў, тэмпература паветра раніцай складзе —3..+2°C, на працягу дня паніжэнне да —4..-10°C.
У Мінску раніцай тэрмометры пакажуць —1..+1°C, на працягу дня тэмпература панізіцца да —5..-7°C, магчымы снег.