МІНСК, 13 сне — Sputnik. Выплаты за адмову працаваць па размеркаванні для былых студэнтаў стануць менш, паведаміла Sputnik прэс-сакратар Міністэрства адукацыі Беларусі Юлія Барадун.
Савет міністраў прыняў адпаведнае рашэнне яшчэ на мінулым тыдні. У пастанове №998 "Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у пастанову Савета міністраў Рэспублікі Беларусь ад 22 чэрвеня 2011 г. №821" прадугледжана спрашчэнне механізму разліку выдаткаваных на навучанне сродкаў.
"Цяпер за неадпрацоўку будуць плаціць менш", — патлумачыла Sputnik прэс-сакратар ведамства.
Напрыклад, былым бюджэтнікам зараз не прыйдзецца кампенсаваць стыпендыі, харчаванне і забеспячэнне месцамі ў інтэрнатах. Зменіцца і сам падыход да налічэння гэтых сум.
Выпускнікі беларускіх ВНУ пасля навучання за кошт бюджэту абавязаны адпрацаваць два гады. Тыя, хто адмаўляюцца ад гэтага, могуць кампенсаваць дзяржаве выдаткі — яны значна перавышаюць кошт усіх гадоў навучання ў ВНУ. Так тыя, што паступілі ў 2016 годзе ў БДУ, у выпадку адмовы ад размеркавання павінны будуць заплаціць каля 25 тысяч рублёў (больш за 12 тысяч долараў — Sputnik).
Пастанова Саўміна ўступіла ў сілу. Пакуль не вядома, ці пералічаць "даўгі" тым, хто ўжо адмовіўся ад размеркавання або цяперашнім студэнтам.