МІНСК, 16 сне — Sputnik. Рашэнне аб павышэнні кошту праезду ў грамадскім транспарце сталіцы можа быць прынята да канца года, заявілі напярэдадні на прадпрыемстве "Мінсктранс".
Дату прыняцця рашэння чыноўнікі пакуль не называюць: дакумент зараз на дзяржэкспертызе ў Мінюсце. Мяркуецца, што кошт талона пры праездзе ў наземным транспарце падаражэе на пяць капеек (10%), а праязныя — на 5%.
Як перадае БелТА са спасылкай на "Мінсктранс", разавыя праязныя квіткі будуць каштаваць 55 капеек, жэтончыкі ў метро і талоны пры куплі ў вадзіцеля 60 капеек (на экспрэсных маршрутах — 70 капеек).
Адначасова з гэтым разглядаецца і пытанне аб увядзенні пяці розных відаў праязных для наземнага транспарту: на 1, 2, 3, 90 сутак і на 100 паездак.
Цяпер дзейнічаюць тарыфы на праезд у грамадскім транспарце, зацверджаныя ў снежні мінулага года. Так, кошт праезду ў наземным транспарце — 50 капеек, у метро — 55 капеек.
Чакаецца падаражанне праезду ў грамадскім транспарце і ў рэгіёнах: так, у чацвер на НЦПІ было зарэгістравана рашэнне кіраўніцтва Мінскай вобласці датычна тарыфаў на праезд. Хуткім часам такія рашэнні могуць прыняць і іншыя аблвыканкамы.