МІНСК, 10 сту — Sputnik. Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы 11 студзеня ладзіць урачыстае адкрыццё 135-га, юбілейнага года з дня нараджэння першага народнага паэта Беларусі Янкі Купалы.
Распачынае святочныя мерапрыемствы прэзентацыя партрэта Янкі Купалы работы рускага мастака Івана Паўлава, які перадасць у дар музею старшыня "Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі Беларусы Расіі" Сяргей Кандыбовіч.
Падчас урачыстасці ў выкананні акцёраў Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі прагучаць вершы Янкі Купалы, аўтографам якіх Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 02.08.2016 № 607 нададзены стасус 1 катэгорыі гісторыка-культурнай каштоўнасці: "Маja dola", "А хто там iдзе", "Прарок", "Спадчына". Прагучаць і песні на словы Янкі Купалы ў выкананні выкладчыкаў і студэнтаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.
Янка Купала — адзін з самых уганараваных беларускіх творцаў. Ягоным імем названы вуліцы, яму пастаўлены помнікі і адкрыты мемарыяльныя дошкі, у тым ліку і за межамі нашай краіны.