МІНСК, 18 сту — Sputnik. Эксперыментальны тэатр "Галава-Нага" запрашае на спектакль "Мова Х" паводле вершаў сучаснай беларускай паэткі Вальжыны Морт (рэж. Аляксей Стрэльнікаў).
Паводле словаў арганізатараў, "Мова Х" — гэта спектакль-рытуал. Гледачы запрашаюцца да ўдзелу ў рытуале-прысвячэнні роднай мове. Нарадзіцца разам з мовай, дапамагчы ёй пасталець, развіцца, сустрэцца з перашкодамі і перарадзіцца ізноў.
Аснову рытуалу складзе традыцыйнае тэатральнае кола. Застацца ці вырвацца з гэтага кола — кожны мусіць вырашыць для сябе сам.
У мінулым годзе спектакль атрымаў спецыяльны прыз у намінацыі "Найлепшая эксперыментальная праца" на міжнародным тэатральным фестывалі "Тэатральны Куфар — 2016".
Паказы адбудуцца 21 студзеня ў 18:00 і 19:30 у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў. Кошт квіткоў ад 5 рублёў.