Словам "тарашкевіца" сення завецца адзін з першых варыянтаў беларускай арфаграфіі, які існаваў да правапіснай рэформы 1933 года. Гэтая назва ўтворана ад прозвішча выбітнага навукоўца, пісьменніка і публіцыста Браніслава Адамавіча Тарашкевіча, які прысвяціў свае жыццё ідэі нацыянальнага адраджэння беларускага народа, яго мовы, гісторыі і культуры.
Пра ролю Браніслава Тарашкевіча ў развіцці і распаўсюджванні беларускай літаратурнай мовы вядучы радыё Sputnik Беларусь Аляксандр Крывашэеў гутарыў з вядомым сучасным мовазнаўцам, доктарам філалагічных навук, прафесарам, акадэмікам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандрам Лукашанцам.
"Браніслаў Тарашкевіч адносіўся да таго пакалення маладой беларускай інтэлігенцыі, якая напачатку 20 стагоддзя рабіла велізарную работу па развіцці беларускай мовы і нацыянальнай культуры, і па фарміраванню нацыянальнай свядомасці", — распавеў Лукашанец.
У 1918 годзе Браніслаў Тарашкевіч падрыхтаваў і выдаў у Вільні першы падручнік беларускай граматыкі для школьнікаў, у якім абагульніў і замацаваў пісьмовыя традыцыі ў выданні мастацкай, навукова-папулярнай, публіцыстычнай літаратуры і ў перыядычным друку. Граматыка Тарашкевіча перавыдавалася 6 разоў і вывела беларускую пісьмовую мову на прынцыпова новы узровень — апрацаванай, нармаванай літаратурнай мовы.
"Да таго часу былі спробы сфарміраваць правілы і правапісу, і словазмянення, але менавіта у сваей граматыцы Браніслаў Тарашкевіч здолеў паказаць і сістэму беларускага словазмянення, і прапанаваў даволі стройную сістэму правапісных нормаў, без чаго не можа існаваць літаратурная пісьмовая мова", — адзначыў Лукашанец.
Гутарку з вядомым мовазнаўцам, доктарам філалагічных навук, прафесарам, акадэмікам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандрам Лукашанцам пра ролю Браніслава Тарашкевіча ў развіцці і распаўсюджванні беларускай літаратурнай мовы слухайце на радыё Sputnik Беларусь.