У сталіцы на Камсамольскім возеры ўжо другі раз праходзіць адкрыты чэмпіянат Беларусі па спартыўным зімовым плаванні "Белгарт Мінск Опен". На гэты раз у госці да беларусаў прыехалі маржы з васьмі краін. Брас, вольны стыль і батэрфляй, дыстанцыі — ад 25 да 450 метраў. Удзельнічаюць як дзеці, так і пажылыя людзі.
"Я займаюся зімовым плаваннем ужо 20 гадоў. Цяпер гэта сапраўдны спорт. У свеце ёсць асацыяцыі па зімовым плаванні нават у такіх экзатычных краінах, як Аўстралія, Аргенціна, Кітай", — распавядае ўдзельнік спаборніцтваў з Латвіі Аляксандр Якаўлеў.
"Я плаваю ў Енісеі. Па два-тры разы на тыдні. Гэта як наркотык: адзін раз паспрабаваў — і ўжо не можаш кінуць", — дзеліцца меркаваннем морж з Расіі Аляксандр Чаркасаў.
Для ўдзельнікаў спаборніцтваў на Камсамольскім возеры падрыхтавалі спецыяльны басейн з пяццю дарожкамі. Падчас заплываў каля вады дзяжурылі спецыялісты Асвода і прадстаўнікі Беларускага Чырвонага Крыжа.
Больш відэа глядзіце на нашым канале Youtube.
У сюжэце выкарыстаная кампазіцыя "Sometimes" by Jahzzar.