МІНСК, 24 сту — Sputnik. Нацыянальны гістарычны музей Беларусі прэзентуе публіцы адрэстаўраваны рарытэт XVIII-XIX стст. 31 студзеня, паведамдяе прэс-служба Міністэрства культуры.
Паводле словаў спецыялістаў, унікальнасць і непаўторнасць арната, які некалі служыў у якасці аблачэння каталіцкага святара, у тым, што ён дэкараваны шматлікімі ўстаўкамі з некалькіх відаў слуцкіх паясоў. Тым не менш, стан яго захаванасці выклікаў нямала пытанняў.
"Вопыт рэстаўрацыі гэтых помнікаў беларускага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва 18-19 стагоддзяў сведчыць пра тое, што ў кожным асобным выпадку яна ажыццяўляецца па індывідуальнай тэхналогіі. Акрамя таго, у айчыннай музейнай практыцы апісанні альбо абагульненні працэсаў рэстаўрацыі слуцкіх паясоў і арнатаў з фрагментамі і ўстаўкамі са слуцкіх паясоў і "па тыпу слуцкіх" не праводзіліся. Я прыняла рашэнне пайсці па шляху мінімальнага ўмяшальніцтва ў матэрыяльную структуру музейнага прадмета", — распавяла рэстаўратар Нацыянальнага гістарычнага музея Вольга Канаплёва.
Да працы рэстаўратар прыступіла толькі пасля праходжання стажыроўкі ў Цэнтры рэстаўрацыі імя Пранаса Гудзінаса Мастацкага музея Літвы. З-за вялікай колькасці страт і разбурэнняў быў праведзены амаль поўны дэмантаж арната, прадубляваны ўсе фрагменты з паясоў "па тыпу слуцкага" на шоўк і "тэатральную газу", самай тонкай ніткаю той самай "тэатральнай газы" фрагменты былі замацаваны. У канцы 2016 года праца была завершана, арнат набыў экспазіцыйны выгляд і з цягам часу знойдзе сваё месца на выставе "Беларусь: адраджэнне духоўнасці", а пазней — у экспазіцыі "Старажытная Беларусь".