МІНСК, 29 сту — Sputnik. Музычны свет смуткуе разам з Беларуссю аб смерці народнага артыста рэспублікі Аляксандра Ціхановіча.
У панядзелак, 30 студзеня, у храме Аляксандра Неўскага ў 7:45 пачнецца памінальная літургія, пасля яе адбудзецца адпяванне. Грамадзянская паніхіда пройдзе ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі з 11:00 да 14:00, паведаміла ў сваім "Інстаграме" дачка артыста Анастасія Ціхановіч.
Яна падзякавала ўсім, хто пакідае словы спачуванняў і падтрымкі на яе старонках у сацыяльных сетках.
Раней ліст родным і блізкім памерлага артыста накіраваў прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.
"Прыміце мае глыбокія спачуванні ў сувязі з адыходам з жыцця выдатнага музыканта і цудоўнага чалавека. Аляксандр Ціхановіч упісаў незабыўную старонку ў гісторыю айчыннай эстрады, песні ў яго выкананні сталі залатымі шлягерамі на ўсе часы", — гаворыцца ў спачуванні, распаўсюджаным прэс-службай беларускага лідэра.
Ціхановіч нарадзіўся ў Мінску, у 1982 годзе скончыў Беларускую кансерваторыю, граў у аркестры Сувораўскага вучылішча. Доўгі час працаваў у ансамблі "Верасы", дзе спявала і ягоная жонка — Ядзвіга Паплаўская.
У апошні год свайго жыцця артыст цяжка хварэў, але ўсё роўна прымаў актыўны ўдзел у музычным жыцці краіны. Так гандбольны клуб імя Мяшкова выклаў відэа, дзе спартсмены разам з Аляксандрам Ціхановічам і Ядзвігай Паплаўскай выконваюць "Завіруху" — знакаміты шлягер "Верасоў".