МІНСК, 30 сту — Sputnik. Мінскі трактарны завод плануе зрабіць праект трактарнага ралі традыцыйным, але ў наступны раз хоча правесці яго ў Расіі, дзе таксама знайшлі вёску Парыж, заявіў гендырэктар прадпрыемства Фёдар Дамаценка.
Трактарнае ралі "Парыж — Мосар", арганізаванае ААТ "Мінскі трактарны завод", прайшло ў суботу ў Віцебскай вобласці. Галоўнай мэтай, якую ставілі перад сабой арганізатары, было даказаць, што трактары BELARUS не толькі магутныя, але і вынослівыя, могуць працаваць у любых кліматычных умовах, пры любым надвор'і, на любым бездарожжы.
Але акрамя гэтага атрымалася яшчэ і яркае запамінальнае шоу, якое яшчэ доўга будуць прыгадваць жыхары беларускіх вёсак Парыж і Мосар. Ралі выклікала такую ажыўленую ўвагу як гледачоў, так і СМІ, што арганізатары сур'ёзна задумаліся над тым, каб зрабіць яго традыцыйным.
"Дзе яно будзе праходзіць, цяпер вызначаемся. Ёсць цікавая ідэя — мы шукалі, дзе вёскі носяць сугучныя назвы, і знайшлі ў Чэлябінскай вобласці вёску Парыж і сугучную Мосару. Хутчэй за ўсё, у Расіі дзесьці ў канцы жніўня правядзём аналагічныя спаборніцтвы, але ўжо з іншай прадукцыяй", — заявіў Дамаценка ў эфіры тэлеканала АНТ у нядзелю ўвечары.
Ён адзначыў, што на гэтых спаборніцтвах МТЗ прадставіць новы ўнікальны трактар магутнасцю 450 конскіх сіл. "Яго яшчэ практычна ніхто не бачыў, была толькі прэзентацыя. Машына праходзіць цяпер выпрабаванні, і 10 такіх трактароў рыхтуюцца да выпуску. Думаю, менавіта гэтыя трактары ў наступным годзе возьмуць удзел у такім прабезе-выпрабаванні", — распавёў кіраўнік.
Паводле яго слоў, тыя трактары МТЗ, якія прымалі ўдзел у суботнім ралі, у хуткім часе адправяцца ў Пухавіцкі раён Мінскай вобласці.
Як паведамляў Sputnik, маршрут трактарнага ралі Парыж — Мосар пралягаў па Пастаўскім і Глыбоцкім раёнах паміж населенымі пунктамі Парыж і Мосар. Машыны стартавалі ў полі каля Парыжа, па маршруце руху вялася відэаздымка спаборніцтва, у тым ліку з паветра. Ралі завяршылася ў Мосары, дзе каля касцёла адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання ўдзельнікаў і канцэрт.