МІНСК, 31 сту — Sputnik. Конкурс творчых фотаработ "Мая кніга для ўсяго свету" стартуе 1 лютага і закліканы паказаць ролю кнігі ў жыцці сучаснага чалавека і разнастайнасць сусветнай літаратурнай палітры, а таксама спрыяць знаёмству з гісторыяй і культурай Беларусі.
Па словах галоўнага дырэктара міжнароднага радыё "Беларусь" Навума Гальпяровіча, "500-годдзе выдання Францыскам Скарынам Псалтыра будзе шырока адзначацца сусветнай культурнай грамадскасцю. Гэта адна з найважнейшых дат беларускай культуры і частка сусветнай кніжнай гісторыі. Удзел у конкурсе дае магчымасць слухачам нашага радыё з розных краін распавесці аб сваіх любімых кнігах і даведацца пра традыцыі кнігадрукавання ў іншых кутках планеты, распавесці пра сваі літаратурныя перавагі, кнігі, якія паўплывалі на стаўленне да жыцця, звязаныя з важнымі ўспамінамі", — адзначыў ён.
Для ўдзелу ў конкурсе трэба да 30 красавіка даслаць на электронную пошту booksgoglobal@gmail.com фота з выявай сваёй любімай кнігі і тэкставы каментар.
Здымак можа быць у форме сэлфі або ў любым іншым фармаце, бо, як адзначаюць арганізатары, пры выбары пераможцаў будзе вітацца арыгінальнасць і крэатыўнасць удзельнікаў, у тым ліку і як фатографаў.
Потым фотаздымкі, якія будуць адабраны, з'явяцца на сайце радыё www.radiobelarus.tvr.by у спецыяльным раздзеле #booksgoglobal, дзе за іх можна будзе галасаваць.
Удзельнікі, якія здолеюць набраць найбольшую колькасць галасоў ад інтэрнэт-карыстальнікаў і прафесійнага журы, атрымаюць прызы.
Падвядзенне вынікаў творчага спаборніцтва пройдзе ў траўні гэтага года.