МІНСК, 1 лют — Sputnik. Цыкл бясплатных трэнінгаў па развіцці турызму пройдзе ў Полацкім раёне і з выездамі за яго межы з лютага па лістапад па праекце ЕС. "Падтрымка ўстойлівага развіцця турызму ў Беларусі".
У Беларусі ён рэалізуецца ўжо каля года. У тым ліку арганізоўваліся семінары, абмен вопытам з выездам за мяжу.
"Па заканчэнні курса кожны слухач атрымае сертыфікат аб яго праходжанні", — адзначыў загадчык сектара спорту і турызму аддзела адукацыі, спорту і турызму Полацкага райвыканкама Аляксей Клінішаў.
Трэнінгі пройдуць па наступных пяці пытаннях: "Анімацыйныя праграмы для турыстаў", "Культурны турызм, мастацтва займальнага апавядання, гастранамічны турызм, сувеніры", "Арганізацыя, менеджмент мерапрыемстваў, спартыўны і рэкрэацыйны турызм", "Ацэнка турысцкіх рэсурсаў і іх менеджмент", "Фінансавыя сродкі для праектаў па турызме з замежных крыніц фінансавання".
Заняткі могуць быць выязнымі ў межах Беларусі, яны будуць праводзіцца бясплатна на рускай мове міжнароднымі і нацыянальнымі экспертамі. Адзін удзельнік можа ўдзельнічаць у некалькіх або ва ўсіх трэнінгах.
Да ўдзелу ў занятках запрашаюцца ўсе, хто працуе ці мае намер працаваць у турызме.