МІНСК, 1 лют — Sputnik. Аўтарытэтны брытанскі часопіс The Economist параўнаў Францыска Скарыну з аўтарам дзевяноста пяці тэзісаў Рэфармацыі, нямецкім багасловам і рэфарматарам царквы Марцінам Лютарам.
"За межамі Беларусі, дзе яго імя носяць вуліцы, помнікі, універсітэты, Скарына — адзін з самых незаслужана забытых талентаў", — напісаў часопіс.
Часопіс падрабязна пераказвае біяграфічныя факты з жыцця Скарыны. Народжаны ў Полацку (які выданне называе часткай тэрыторыі Польшчы і Літвы), пражыў неверагодна багатае на факты жыццё. Ён быў малады, калі з'ехаў у Італію і стаў першым выхадцам з усходнееўрапейскай краіны, які атрымаў ступень доктара медыцыны ў Падуі. За сорак гадоў кар'еры Скарына паспрабаваў сябе ў медыцыне, філасофіі і нават быў садоўнікам. Ён шмат падарожнічаў, бываў у Расіі і сустракаўся з герцагам Прусіі — дарэчы, кажуць, ён нават асабіста сустракаўся з Лютэрам.
"Скарына быў каталіком, але прысвяціў сваё жыццё вывучэнню праваслаўных абрадаў. Ён быў першым, хто пераклаў Біблію на адну з усходнеславянскіх моў — да таго часу ў праваслаўнай царкве ўся інфармацыя прадстаўлялася прыхаджанам на царкоўнаславянскай мове", — піша выданне, і небеспадстаўна дадае, што дасягнення Скарыны складана пераацаніць. Яго "Біблія", выдадзеная на старабеларускай, а не царкоўнаславянскай мове, на некалькі гадоў апярэдзіла рэфарматарскія ідэі Лютэра.
"Скарына зрабіў пераклад Бібліі не ў якасці акадэмічнага практыкавання: ён хацеў, каб простыя людзі маглі прачытаць Слова Бога і зразумець, што яно значыць", — заўважылі журналісты.
І яго "Малая падарожная кніжыца", зборнік малітваў, таксама была аформлена так, каб быць зразумелай і непрафесіяналу, і ў ёй Скарына звяртаўся да чытача наўпрост. І тут, заўважае журналіст, падабенства з Лютэрам, які казаў, што просты свецкі чалавек, "узброены святым пісаннем, стаіць вышэй за сабор, калі такі яго не мае".
"Скарыне бракуе сусветнага прызнання, таму што ён ніколі не быў рэфарматарам царквы. Ён памёр у пачатку 1550-х, ён не руйнаваў свет, у якім жыў, так упэўнена, як тое рабіў Лютар. Нягледзячы на яго наватарскія падыходы да выкарыстання мовы, мастацтва, у яго не было жадання цалкам перарабіць структуру Царквы", — упэўнены журналіст і дадае — Марцін Лютар стаў сумна вядомы дзякуючы таму, што цалкам змяніў гісторыю Еўропы, а ў Скарыны такіх дамаганняў не было.
Часопіс піша пра шэраг мерапрыемстваў, якія прымеркаваны да гадавіны першага перакладу "Бібліі" Скарыны. ЮНЕСКА арганізавала шэраг даследаванняў яго ўплыву на беларускую літаратуру, кнігадрукаванне і культуру.
Францыск Скарына павінен займаць пачэснае месца побач з Лютэрам, як адна з найвялікшых постацяў у Еўрапейскай культуры.