МІНСК, 2 лют — Sputnik. Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі могуць надаць імя першадрукара і асветніка Францыска Скарыны, паведаміў на сваёй старонцы ў Facebook намеснік дырэктара бібліятэкі Алесь Суша.
Надаць імя Скарыны раней прапаноўвалі Нацыянальнаму аэрапорту Мінск — гэтая тэма актыўна абмяркоўвалася ў 2016 годзе, які быў абвешчаны Годам культуры. У 2017-м Беларусь адзначыць 500-годдзе выдання Скарынай першай друкаванай кнігі на беларускай мове. Падчас сходу аргкамітэта святкавання юбілею міністр культуры Барыс Святлоў выступіў з ініцыятывай прысвоіць Нацыянальнай бібліятэцы імя першадрукара.
"Пытанне няпростае, і за ім стаіць вялікая праца і вялікая адказнасць. Міністэрства культуры валодае (у адпаведнасці з Кодэксам аб культуры) неабходнымі паўнамоцтвамі для прыняцця адпаведнага рашэння", — напісаў Суша.
Мяркуецца, што гэтую ідэю неўзабаве абмяркуюць, пасля чаго будуць прымаць канчатковае рашэнне.