МІНСК, 7 лют — Sputnik. Халоднае надвор'е захаваецца ў Беларусі ў аўторак 7 лютага, у заходніх раёнах рэспублікі магчымы снег, а дзённая тэмпературы будзе ніжэй —10°С, паведамілі Sputnik у Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя.
Маразы ў Беларусі прынеслі паветраныя масы з Расіі, пры гэтым паўсюдна адзначаецца моцны вецер, што ўзмацняе адчуванне холаду. "Чакаецца воблачна з праясненнямі, пераважна па паўднёвым захадзе краіны пройдзе снег, на асобных участках дарог галалёдзіца", — сказалі ў Гідрамеце. Там таксама паведамілі, што максімальная тэмпература паветра па краіне днём будзе знаходзіцца ў межах ад —12°С да —17°С, па паўднёвым захадзе Беларусі ад —8 да —11°С.
Па дадзеных Гідрамета, у Мінску раніцай магчымы невялікі снег, днём без істотных ападкаў, максімальная тэмпература паветра складзе каля —12°С.
Як раней паведамілі сіноптыкі, чакаецца, што маразы аслабнуць толькі да канца тыдня.