МІНСК, 7 лют — Sputnik. Арганізатары фестывалю Tallinn Music Week абвесцілі імёны 237 артыстаў з 33 краін, якія з 31 сакавіка па 2 красавіка выступяць у сталіцы Эстоніі ў межах найбуйнейшага фэста новай музыкі ў скандынаўска-балтыйскім рэгіёне.
Як паведамілі Sputnik аргіназатары, Беларусь будуць прадстаўляць: Awlnight — хіп-хоп/электроніка, ili-ili — поп-рок, Shaman Jungle — world music, Evand — неакласіка. Для Awlnight гэта ўжо другая паездка на Tallinn Music Week. Для астатніх гэта будзе першая паездка на еўрапейскія шоўкейс-фестывалі.
"Мы атрымалі з Беларусі 86 заявак і ў чарговы раз пераканаліся, што вы маеце моцную музычную сцэну. Паўторнае запрашэнне Awlnight — рэдкая з'ява, якая сведчыць, наколькі артыст спадабаўся арганізатарам і публіцы", — кажа праграмны дырэктар фестывалю Tallinn Music Week Райманд Пылдмаа.
З мінулага году Tallinn Music Week пазіцыянуецца як гарадскі фестываль, які акрамя трох дзён клубных канцэртаў і прафесійнай музычнай канферэнцыі змяшчае тыднёвую праграму рэстаранаў, мастацтваў, гарадскіх сцэн, дызайн-маркет і іншыя актыўнасці. У гэтым годзе на мерапрыемстве ўпершыню будзе адмысловая праграма для моладзі і дзяцей.
У пошуках новай публікі і прафесійных кантактаў на фестываль прыязджаюць у тым ліку вядомыя ў сваіх краінах артысты. У гэтым годзе на ім выступяць гурт Onuka (Украіна), удзельнік Einstuerzende Neubauten Аляксандр Хакэ, вядомая па супрацоўніцтву з Пітэрам Гэбрыэлам шведская спявачка Джэні Абрахамсон і іншыя музыкі.
Квіток на ўсе дні і ўсе канцэрты Tallinn Music Week каштуе 60 еўра. Квіток на канцэрты і прафесійную канферэнцыю каштуе 250 еўра.
Падрабязнасці па варыянтах удзелу і аўтобусным туры на сайце Experty.by