МІНСК, 7 лют — Sputnik. Мінскі міжнародны фестываль цыркавога мастацтва пройдзе з 21 па 24 верасня, паведамляецца на сайце "Белдзяржцырка". Там жа прымаюцца заяўкі на ўдзел у фествалі. Выступіць змогуць прадстаўнікі самых розных цыркавых жанраў: эквілібрысты, жанглёры, акрабаты, паветраныя гімнасты і дрэсіроўшчыкі жывёл. Ну а хто будзе прадстаўляць на міжнародным фестывалі Беларусь, стане вядома пасля правядзення адпаведнага конкурсу.
Паралельна кіраўніцтвам "Белдзяржцырка" вядуцца перамовы з рознымі краінамі.
А вось журы, мяркуецца, будзе як прафесійнае, так і грамадскае. Задача апошняга — ацаніць шоў вачыма звычайнага гледача. Таму і акрамя звычайных прызоў, якія будуць прысуджаны за цыркавое майстэрства, будзе яшчэ і прыз глядацкіх сімпатый.
Золата, срэбра і бронзу атрымаюць і сольныя выканаўцы, і артысты, якiя выконваюць групавыя практыкаванні.