МІНСК, 7 лют — Sputnik. У Мінскім абласным краязнаўчым музеі ў Маладзечне адкрылася выстава дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
На ёй прадстаўлена кераміка, ткацтва, салома- і лозапляценне, разьба па дрэве, вышыўка, лялькі ў народных строях, выцінанкі, іншыя вырабы майстроў розных часоў — ад даваеннага да сучаснасці, многія з якіх не выстаўляліся вельмі даўно.
Там ёсць прадукцыя Маладзечанскай фабрыкі мастацкіх вырабаў, Радашковіцкага ААТ "Белмастацкераміка", Івянецкага завода мастацкай керамікі і проста ўнікальныя экспанаты, напрыклад, з гісторыка-культурнага музея-запаведніка "Заслаўе", які спецыялізуецца на складанні калекцыі беларускіх маляваных дываноў. Чатыры з іх прывезены ў Маладзечна. Два дываны распісаны вядомай мастачкай Аленай Кіш, пра якую гавораць, што яна нарадзілася не ў свой час. Аўтарам яшчэ аднаго з'яўляецца беларускі жывапісец, графік, скульптар, пісьменнік, фалькларыст, этнограф і археолаг Язэп Драздовіч. Аўтар чацвёртага дывана невядомы.
Каб не пашкодзіць фарбавае пакрыццё, для транспарціроўкі выкарыстоўвалі спецыяльныя кантэйнеры-тубы.