МІНСК, 8 лют — Sputnik. Сёння ў адміністрацыйным комплексе па праспекце Пераможцаў, 14 адкрываецца XXIV Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш, у якой прымуць удзел прадстаўнікі 31 краіны.
Ганаровым госцем выставы сёлета з'яўляецца Злучанае Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі, а Грэцыя прымае ўдзел упершыню.
Вялікабрытанія прэзентуе на выставе школы англійскай мовы, брытанскія ўніверсітэты, магчымасці для бізнес-адукацыі ў Мінску, пераклады брытанскай літаратуры на беларускую мову, а таксама беларускай літаратуры — на англійскую. Акрамя таго, прадстаўнік лонданскай бібліятэкі Францыска Скарыны раскажа пра працы першадрукара.
Падчас выставы, якая будзе доўжыцца па 12 лютага, пройдзе каля 300 мерапрыемстваў, якія прысвечаны 135-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа, юбілейным датам іншых беларускіх пісьменнікаў.
Аднак галоўнай падзеяй выставы можна лічыць міжнародны сімпозіум, прысвечаны 500-годдзю беларускага кнігадрукавання, які адбудзецца 8-9 лютага.
Уваход на выставу-кірмаш вольны.