МІНСК, 5 лют — Sputnik. З кнігамі выдавецтва "Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі" аб Францыску Скарыне і яго паслядоўніку Спірыдоне Собале, які стаяў ля вытокаў магілёўскага кнігадрукавання, можна будзе азнаёміцца на Мінскай кніжнай выставе-кірмашы, якая пройдзе 8-12 лютага.
У выдавецтве выйшла кніга "Францыск Скарына. Чалавек свету", у якой на рускай мове распавядаецца пра шматгранны талент беларускага першадрукара, заснавальніка ўсходнееўрапейскага кнігавыдання.
У кнізе распавядаецца і пра тое, што Скарына вядомы свету не толькі як выдавец, але і як філосаф, багаслоў, прадпрымальнік, педагог, медык, заснавальнік аднаго з першых у Еўропе батанічных садоў.
"Францыск Скарына. Чалавек свету" — не першае і не апошняе выданне аб нашым знакамітым земляку, якое было падрыхтавана ў выдавецтве. У мінулым годзе ў серыі "Беларуская дзіцячая энцыклапедыя" пры фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі ў трох частках была выдадзена для дзяцей кніга вядомага кнігазнаўцы Аляксандра Сушы пра Скарыну.
У юбілейным годзе рыхтуецца яшчэ некалькіх кніг пра беларускага першадрукара і яго кнігі. У прыватнасці, у самы бліжэйшы час выйдзе навукова-папулярнае выданне "Сусветная спадчына Францыска Скарыны".
"Усе 25 кніг Францыска Скарыны з іх апісаннем будуць прадстаўлены ў серыі "Энцыклапедыя рарытэтаў". А да Дня беларускага пісьменства, які ў верасні пройдзе ў Полацку, родным горадзе Скарыны, у выдавецтве будзе падрыхтавана персанальная энцыклапедыя "Францыск Скарына", — распавёў дырэктар выдавецтва Уладзімір Андрыевіч.
У Празе 6 жніўня 1517 года выйшла ў свет першая кніга Скарыны — Псалтыр, якая лічыцца адной з найбольш папулярных і распаўсюджаных у хрысціянстве кніг Бібліі. З гэтай кнігі пачынаецца гісторыя беларускага і ўсходнееўрапейскага кнігадрукавання.
Гэта было першае выданне, адрасаванае жыхарам зямель сучасных Беларусі, Расіі, Украіны, Літвы і Польшчы. Францыск Скарына зрабіў кніжнае слова, а праз яго і ўсе веды чалавецтва даступнымі для шырокіх слаёў насельніцтва.
На працягу 1517-1519 гадоў Францыск Скарына выдаў яшчэ 22 кнігі Старога Запавету. У 1519 годзе выдавец пераехаў у Вільню, дзе каля 1522 года выдаў "Малую падарожную кніжку", а ў 1525 годзе — Апостал.
Кнігі Скарыны захоўваюцца ў многіх краінах свету — у Беларусі, Вялікабрытаніі, Германіі, Даніі, Літве, Польшчы, Расіі, Славеніі, ЗША, Украіне, Чэхіі. Пры гэтым у Беларусі захавалася толькі нязначная частка іх. Больш за 350 асобнікаў Францыска Скарыны з прыкладна 520 кніг усходнеславянскага першадрукара, якія захаваліся да нашых дзён, знаходзяцца ў Расіі.
Сёлета Беларусь і ўвесь усходнееўрапейскі свет адзначаюць знамянальную дату — 500-годдзе беларускага і ўсходнееўрапейскага кнігадрукавання.
Міжнароднае прызнанне спадчыны Францыска Скарыны пацверджана і рашэннем ЮНЕСКА аб уключэнні юбілею беларускага кнігадрукавання ў каляндар памятных дат гэтай міжнароднай арганізацыі.