МІНСК, 9 лют — Sputnik. Існуюць самыя розныя стэрэатыпы пра беларусаў і іх прадпрымальніцкія здольнасці. Але ж як сведчыць гісторыя, беларусы не толькі ўмелі весці справы, але і прыцягвалі, як зараз кажуць, міжнародныя карпарацыі для вядзення бізнесу. Як гэта было стагоддзе таму, Sputnik распавёў кандыдат гістарычных навук Аляксандр Бурачонак.
— Якія сферы бізнесу былі найбольш цікавымі для нашых продкаў напачатку мінулага стагоддзя?
— Прадпрымальнікі на тэрыторыі Беларусі ў канцы ХІХ — пачатку ХХ ст. прыкладалі свае намаганні ў розных сферах гаспадарчага жыцця — прамысловай, гандлёвай і крэдытна-банкаўскай. Інтарэсы прадстаўнікоў дзелавых колаў Беларусі часцей за ўсё не абмяжоўваліся адной сферай, а інтэграваліся ў некалькіх адразу. Найбольшае распаўсюджанне ў гэты час атрымала гандлёвае прадпрымальніцтва. Паказальнікі росту колькасці гандлёвых прадпрыемстваў і іх таваразвароту ў беларускіх губернях былі аднымі з самых высокіх у Расійскай Імперыі. Напрыклад, у канцы ХІХ ст. па гільдзейскіх прадпрыемствах рост колькасці быў самым высокім у еўрапейскай частцы Расіі.
— Беларускія прадпрымальнікі цікавіліся мясцовымі справамі ці шукалі магчымасці для выхаду на знешнія рынкі?
— Ажыццяўлялі сваю дзейнасць прадпрымальнікі Беларусі як на ўнутраным, так і на знешнім рынку. Адным з асноўных экспартных тавараў таго часу з'яўляўся беларускі лес. Асаблівым попытам ён карыстаўся сярод купцоў Германскай Імперыі. На карысць гэтага сведчыць той факт, што звыш паловы ад усяго расійскага экспарту лесу ў Германію забяспечвалі нашы землі. Еўрапейцы высока цанілі беларускую драўніну, таму і набывалі яе па высокіх коштах. Прычым выкарыстоўвалі адзін і той жа тып драўніны жыхары Заходняй Еўропы па-рознаму.
Напрыклад, з беларускага дубу бельгійцы выраблялі шпалы для сваёй чыгункі. Але той самы дуб Морыс Хэнэсі і Эдуард Мартэль выкарыстоўвалі для вытрымкі сваіх знакамітых напояў.
— Зараз дрэваапрацоўка стала важнай галіной сучаснай беларускай эканомікі, а як справы шлі раней, ці ўсё шло на продаж?
— Так, адным з найбуйнейшых прадпрыемстваў, якое выкарыстоўвала драўніну для сваёй вытворчасці, з'яўлялася Добрушская папяровая фабрыка. Выкарыстоўвалі лес і браты Аляксандр і Леапольд Лур'е для вырабу вядомай за межамі Беларусі клеенай фанеры "Tobal" на Пінскай дрэваапрацоўчай фабрыцы. Безумоўна, не абыходзіліся без беларускага лесу і вытворцы запалак — "запалкавы кароль заходніх губерняў" Бер Саламонаў, якому належалі фабрыкі "Вікторыя" ў Барысаве і "Маланка" ў Мазыры, а таксама Іосіф Гальперын, якому належала фабрыка "Прагрэс-Вулкан" у Пінску.
Аднак беларуская прамысловасць была засяроджана не толькі на перапрацоўцы лесу.
— А як, кажучы сучаснай мовай, складвалася з прыцягненнем замежных інвестыцый у эканомку?
— У эканамічным жыцці Беларусі праяўлялі сябе не толькі мясцовыя жыхары, але і падданыя Германіі, Вялікабрытаніі, Бельгіі, Францыі і іншых краін. У розных сферах гаспадарчага жыцця Беларусі працавалі прадпрыемствы, якія належалі германскаму хіміка-фармацэўтычнамухолдзінгу "Schering". Адзін з іх — Выдрыцкі завод сухой перагонкі драўніны. Выдрыца зараз — сучасны г.п. Арэхаўск у Аршанскім раёне Віцебскай вобласці.
У Беларусь упэўнена шлі буйныя фінансавыя групы таго часу, якія мы ведаем і зараз. Так, напрыклад, французскай фінансавай групе "SocieteGenerale" — найбуйнейшаму фінансаваму кангламерату у Заходняй Еўропе — належалі аддзяленні Паўночнага банку ў Мінску і Гомелі.
Цікаўнасць да беларускага рынку меў нават Альфонс Ротшыльд. У Мінску працавала аддзяленне "Каспійска-Чарнаморскага нафтапрамысловага і гандлёвага таварыства", які належыў банкірскаму дому "RothschildFreres".
А дастаўка нафтапрадуктаў адбывалася пры дапамозе гандлёва-транспартнага таварыства "Мазут", заснаванага ў 1898 годзе Альфонсам Ротшыльдам.
Цікаўнасць да гэтай сферы была такой высокай, што нідэрландска-брытанская кампанія "Royal Dutch Shell" у 1912 годзе паглынула Каспійска-Чарнаморскае таварыства и таварыства "Мазут".
На беларускім рынку пачатку ХХ ст. быў прадстаўлены нават японскі капітал — Таварыства "Іакагама" Альберцінскай шоўкакруцільні. Японскі падданы Сейго Камейчы Натсуакі сумесна з маскоўскімі купцамі Дзмітрыем Блюмам і Іванам Дзмітрыевым у мястэчку Альберцін Гродзенскай губерні арганізавалі ў 1903 годзе вытворчасць шаўковых нітак. Праўда, праіснавала прадпрыемства не доўгі час. Разлад у сумесную дзейнасць унесла спачатку руска-японская вайна, а затым першая расійская рэвалюцыя.