Іран - Беларусь: ад персідскага дывана да слуцкага пояса

© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяПярсідскі ўзор
Пярсідскі ўзор - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Слуцкую мануфактуру, дзе ткалі паясы, спачатку называлі персіярняй, бо за ўзор браліся персідскія паясы.
Ларыса Мятлеўская, Sputnik. Чым больш жывеш на свеце, тым больш хочацца паразважаць аб хутка бягучым часе. Разам з Калядамі зусім непрыкметна сышоў студзень, і вось ужо ўпэўнена крочыць люты. Нягледзячы на тое, што за вакном зіма, жыццё ў сталіцы па-летняму віруе. Сапраўды цёплая атмасфера вітала на адкрыцці выставы твораў іранскага мастацтва з нагоды 38-й перамогі Ісламскай Рэвалюцыі ў Іране.
Пабачыць на свае вочы мастацтва старажытнай персідскай цывілізацыі вельмі прываблівала, таму, адклаўшы ў бок усе справы, я накіравалася ў Мастацкую галерэю "Універсітэт культуры", што размешчана ў Палацы Рэспублікі. Тым больш, што прадстаўніцтва пасольства Ісламскай Рэспублікі Іран у Рэспубліцы Беларусь і дырэктар галерэі Павел Сапоцька абяцалі цікавую праграму.
А паглядзець сапраўды было на што: жывапіс, мініяцюра, каліграфія, прадметы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, драўляная скульптура. На выставе былі прадстаўлены арыгінальныя работы больш 40 аўтараў. А адна з іх вярнула мяне ў дзяцінства.

Каліграфія ці прыгожапісанне

Сярод нас ужо мала хто піша ручкай, зручней карыстацца камп'ютэрам. Але калі ў канцы 1960-х я пайшла ў першы клас, то вучылася пісаць пер'евай ручкай на ўроках чыстапісання ў адмысловых сшытках, дзе лісты былі ў касую лінейку.
Пяро макалі ў чарнілы і старанна выводзілі літары. Пісаць чыста адразу не атрымлівалася, а таму чарнільныя кляксы былі не толькі на паперы, але і на фартуху школьнай формы, які быў прадбачліва чорнага колеру. Таксама ў чарнілах былі пальцы і твар.
Працэс навучання быў працяглы, але ўсе вельмі стараліся, бо прыгожы почарк заўсёды быў у пашане.
Шарыкавых ручак у 1968 годзе яшчэ не было, ўсе пісалі толькі чарнільнымі. Праўда, у хуткім часе першыя зусім выціснулі з ужытку пер'евыя. Што ж, прагрэс не спыніць. Калісці і Пушкін пісаў свае несмяротныя творы гусіным пяром.
Усё гэта ўзгадалася мне, калі пабачыла майстарклас па каліграфіі. На маіх вачах чысты ліст паперы запоўніла карункавая вязь з каліграфічных знакаў.
Дарэчы, каліграфія ў Іране лічыцца адным з традыцыйных і лепшых мастацтваў, а ў класічнай літаратуры называецца прыгожапісанне. А тыя ўзоры каліграфічнага мастацтва, якія экспанаваліся на выставе, ілюструюць містычныя вершы вядомых на ўвесь свет іранскіх паэтаў.
З гэтай нагоды як не ўзгадаць радкі персідскага матэматыка, астранома, філосафа і паэта Амара Хайяма (1047 г), творчасць якога пераклаў на беларускую мову Рыгор Барадулін.
Хто быў стары і хто быў малады,
Усіх з сабою забяруць гады.
Зямное царства — ў ім ніхто не вечны,
Мы выйдзем, прыйдуць іншыя сюды.
А яшчэ, ці ведаеце, што ў Іране Амар Хайям вядомы і як стваральнік больш дакладнага ў параўнанні з еўрапейскім календара, які афіцыйна выкарыстоўваецца з ХІ стагоддзя.

І тчэ, забыўшыся, рука

Ад ювелірна зробленых прадметаў побыту з метала немагчыма было адвесці вачэй. Гадзіннікі, вазы, талеркі, пісьмовыя прыборы ўражвалі сваёй вытанчанасцю. Каля кожнага прадмета можна было стаяць гадзінамі, бо сапраўды, як казалі іранскія сябры — метал у гэтых рэчах становіцца душой малюнка і чаканкі.
Але мой інтарэс быў каля іранскай ткачыхі, якая напрацягу некалькі гадзін давала майстарклас па ткацтве.
Цікава было параўноўваць яе працу з работай беларусак за кроснамі, хоць станка ў зале не было. Дэманстравалася іншая тэхніка. На вачах наведвальнікаў нараджаўся персідскі дыван. Цяжкая, крапатлівая праца давалася ёй з лёгкасцю, а ціхая ўсмешка ўражвала сваёй адкрытасцю.
Ткацтва дываноў для іранцаў, як і для беларусаў, — традыцыйнае мастацтва.
Персідскімі дыванамі захапляецца ўвесь свет. Яны лічацца сімвалам персідскай культуры і дзяржавы Іран і здаўна з'яўляюцца прадметамі раскошы.
Дарэчы, самы вялікі і дарагі дыван у свеце быў створаны на тэрыторыі сучаснага Ірана. Легендарны "Вясновы" дыван з выявай рэгулярнага парку саткалі для галоўнай залы шыкоўнага палаца Сасанідаў у Кцесіфоне ў гонар перамогі персаў над рымлянамі і заваёвай Аравійскага паўвострава.
Ён меў гіганцкія памеры (122 метры ў даўжыню і 30 у шырыню) і важыў некалькі тон! Але ў сярэдзіне 12 стагоддзя на Персію напалі арабы, і салдаты парэзалі дыван на кавалкі, падзяліўшы яго паміж сабой як трафей.
Што ж, з чаго пачалося, тым і скончылася. Але дыван усё адно шкада.

Мода на персідскія ўзоры

У Рэчы Паспалітай у 17-18 стагоддзях пашырылася і стала папулярнай тэорыя сарматызму. У адпаведнасці з гэтай ненавуковай тэорыяй шляхта і магнаты разглядаліся як нашчадкі старажытнага ваяўнічага племені сарматаў. Быццам бы некалі яны прыйшлі на ўкраінска-польска-беларускія землі і падпарадкавалі сабе мясцовае насельніцтва.
Сярод магнатаў выпрацавалася сваеасаблівая сармацкая (рыцарская) культура, актыўна пашыраліся ўяўленні аб сармацкім (шляхецкім) гонары.
У мастацтве папулярным стаў варыянт параднага партрэта, які называюць сармацкім. Цікава, што адсутнасць інфармацыі пра сапраўдных сарматаў кампенсавалася звесткамі пра іншыя ўсходнія народы: індусаў, персаў, туркаў.
Рэстаўратар Вольга Канаплёва займалася аднаўленнем арната больш за год - Sputnik Беларусь
Рэстаўратар Слуцкіх паясоў распавяла пра тонкасці сваёй працы
У моду ўвайшлі перайманні з усходняй культуры. У войску Радзівілаў з'яўляюцца янычарскія роты, арганізуюцца янычарскія аркестры з адпаведным адзеннем і аксесуарамі. У якасці янычараў выступаюць свае, мясцовыя салдаты і музыкі.  
Менавіта ў тыя ж часы становяцца папулярнымі і шаўковыя паясы, якія прывозяцца з Кітая, Персіі, Турцыі. Няма чаго і казаць пра тое, што каштавалі гэтыя модныя аксэсуары вельмі дорага, таму ідэя распачаць вытворчасць паясоў на месцы ляжала на паверхні.

Слуцкія паясы — нацыянальная каштоўнасць Беларусі

Слуцкія паясы — гэта прадметы магнацкага адзення 18-19 стагоддзяў, вырабы ручнога шаўкаткацтва, якія самі па сабе з'яўляюцца творамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва эпохі беларускага барока.
Слуцкі пояс пасля рэстаўрацыі.
Ініцыятыва наладзіць вытворчасць модных шаўковых паясоў належыць амбіцыёзнаму князю Гераніму Фларыяну Радзівілу, які прыдумаў і за кароткі тэрмін пачаў рэалізоўваць выключны для таго часу бізнес-праект: выраб шаўковых паясоў на ўзор усходніх. Ён пабудаваў у Слуцку мануфактуру або персіярню, выпісаў з Турцыі ткачоў і пачаў ажыццяўляць сваю справу, якую пасля працягнулі іншыя яго родзічы з Радзівілаў.
Слуцкая персіярня, або Слуцкая мануфактура шаўковых паясоў дзейнічала ў 1740-1844 гадах. Напачатку тут працавалі турэцкія майстры. Адным з іх быў эмігрант з Турцыі Аванэс Маджаранц, які ў хуткім часе стаў называць сябе Янам Маджарскім.
Ян Маджарскі быў майстрам тканін польскіх, турэцкіх і кітайскіх і ў хуткім часе падрыхтаваў да працы мясцовых ткачоў. Гісторыя захавала імёны некаторых з іх.
Лепшым вучнем Яна быў Юзаф Барсук, выдатнымі майстрамі сталі М. Барановіч, І. Гадоўскі, Капчыла, Дойка, Т. Хаецкі.
У 1793 годзе на 28 станках працавала 60 майстроў.
Росквіту мануфактура дасягнула пры сыне Яна Маджарскага Лявоне, якому ў 1790-м урад за выдатную арганізацыю дзейнасці персіярні надаў шляхецкае званне.
Дарэчы, установу называлі персіярняй таму, што ў пачатку вытворчасці за ўзор браліся персідскія паясы.
Пакінуўшы выставу, выйшла на марозную мінскую плошчу. Падумала, як дзіўна пераплятаюцца людскія дарогі і лёсы. Тут Беларусь са сваёй самабытнай культурай, а дзесці далёка Іран, а паміж імі слуцкі пояс.
Стужка навiн
0