МІНСК, 13 лют — Sputnik. Мюзікл амерыканскага рэжысёра Дэмьена Шазелла "Ла-Ла Лэнд" атрымаў прэмію Брытанскай акадэміі кіна- і тэлемастацтва BAFTA як лепшы фільм.
Цырымонія ўручэння прэміі прайшла ў мінулую нядзелю ў каралеўскім Альберт-холе ў сталіцы Вялікабрытаніі.
"Ла-Ла Лэнд" быў намінаваны на прэмію ў 11 катэгорыях, у тым ліку за музыку, аператарскае мастацтва, дэкарацыі, дызайн касцюмаў і гук. Фільм таксама прынёс узнагароду амерыканскай актрысе Эме Стоун у намінацыі "Лепшая жаночая роля" за ролю Міі.
Амерыканскі акцёр Кейсі Аффлек, які зняўся ў галоўнай ролі ў драме "Манчэстар ля мора", атрымаў прэмію BAFTA як лепшы акцёр. Амерыканскі драматург Кэнэт Лонерган атрымаў узнагароду ў катэгорыі "Лепшы сцэнарый" за працу над гэтай карцінай.
Фільмамі-лідэрамі па колькасці намінацый брытанскай кінапрэміі ў гэтым годзе таксама сталі філасофская фантастычная драма "Прыбыццё" і трылер "Пад покрывам ночы". Абедзве карціны былі намінаваныя ў дзевяці катэгорыях.