МІНСК, 14 лют — Sputnik. Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь 15 лютага распачынае выставу твораў з калекцыі Мацея Мікалая Радзівіла "Радзівілы: лёсы краіны і роду".
Паводле словаў арганізатараў, жывапісныя і графічныя партрэты, мініяцюры, медалі, мастацкія тканіны будуць упершыню экспанавацца для шырокага кола гледачоў.
У дадзеным праекце будзе прадстаўлена галерэя вобразаў вядомых дзеячаў нашай гісторыі: Барбара Радзівіл — каралева Польшчы, яе бацька — Юрый Радзівіл, які меў ганаровую мянушку Геркулес Літоўскі, Мікалай Крыштоф Радзівіл Сіротка — заснавальнік Нясвіжскай рэзідэнцыі, яго брат Юрый — кардынал, кракаўскі біскуп, Катажына з Сабескіх — сястра польскага караля Яна III Сабескага, Міхал Казімір Радзівіл Рыбанька — заснавальнік мануфактуры слуцкіх паясоў і герой шматлікіх легенд — Караль Станіслаў Радзівіл Пане Каханку.
Безумоўнай каштоўнасцю калекцыі з'яўляецца тое, што некаторыя партрэтныя выявы, магчыма, захаваліся ў адзіным экзэмпляры.
У мастацкім музеі адзначаюць, што ў экспазіцыю ўвойдуць і партрэты пэндзля вядомых еўрапейскіх майстроў: італьянца Марчэла Бачарэлі (1731-1818), які працаваў пры двары Станіслава Аўгуста Панятоўскага, аўстрыйца Францішка Ксаверыя Лампі (1782-1852), сына знакамітага Іагана Баптыста Лампі Старэйшага, і гравюры фламандскага майстра Дамініка Кусто (1560-1612), які працаваў пры двары Рудольфа II у Празе па малюнках Дж. Фантана (1525-1587).
"Выстава "Радзівіллы: лёсы краіны і роду" азначае важнасць звароту да гістарычнай памяці беларускага народа. Цяжка назваць іншы род, які сыграў такую значную ролю ў гісторыі краіны, немагчыма пераацаніць актыўную дзейнасць яго нашчадкаў, якія падтрымліваюць дух Вялікага Княства Літоўскага на зямлі сваіх продкаў, працягваюць традыцыі дабрачыннасці і міратворчасці. Нагадаўшы агульнае гістарычнае мінулае, выстава паслужыць умацаванню культурных сувязей Беларусі з роднаснымі народамі — украінцамі, літоўцамі, палякамі", — упэўнены арганізатары выставы.