Ацаніўшы стан здароўя мясцовых мужчын, доктар Трабскай амбулаторыі Святлана Барэль вырашылася на эксперымент: угаварыла дзесяць чалавек, якія маюць лішнюю вагу, на ўдзел у праекце.
Мэта праекта — прафілактыка метабалічнага сіндрому, які вядзе да артэрыяльнай гіпертэнзіі. Барэль прызнаецца, што не збіраецца саджаць удзельнікаў праекта на жорсткую дыету або прымушаць намотваць кругі на школьным стадыёне.
"Хоць бы трошкі каб абмежавалі сябе ва ўсіх гэтых пачастунках, ласунках, вэнджаніне. Я не збіраюся прымушаць усіх есць пагалоўна капусту, не-не. У нас жа не канцлагер. Я спадзяюся на свядомасць саміх мужчын. Я не магу сказаць "не" смажанай бульбе, але калі яны паменшаць хоць бы памер патэльні, то ўжо будзе вынік", — сказала Барэль.
Адзін з удзельнікаў праекту Валерый распавёў, што адчувае нястачу фізічнай нагрузкі. Агарод пераворвае міні-трактарам, дровы не коле, таму што дом ацяпляецца газам.
Ужо тыдзень Валерый імкнецца не наядацца на ноч. А вясной мае намер у якасці прафілактыкі перакапаць хоць бы частку агарода ўручную.
Першыя вынікі — скінутыя кілаграмы і страчаныя сантыметры на таліі — доктар разлічвае ўбачыць праз паўгода.