МІНСК, 27 лют — Sputnik. Беларускі біятланіст Антон Смольскі, які заваяваў бронзавую ўзнагароду на юніёрскім Чэмпіянаце свету ў Славакіі, заявіў, што задаволены сваім выступам на 80%.
Напярэдадні ў славацкім Осрблье адбылася гонка пераследвання. Першае месца ў пасьюце дасталася расіяніну Ігару Маліноўскаму, другое — нарвежцу Сіндрэ Петэрсэну, замкнуў тройку лідэраў Смольскі. За дзень да гэтага беларус спыніўся за крок ад п'едэстала ў спрынце, прайграўшы бронзаваму прызёру Раману Яроміну з Казахстана ўсяго 0,2 секунды.
"Працэнтаў на 80 задаволены выступленнем, але, калі б было больш медалёў, было б больш радасці", — сказаў Смольскі на прэс-канферэнцыі, відэа якой размешчана на афіцыйнай старонцы Беларускай федэрацыі біятлону ў сацсетцы "УКантакце".
Каментуючы свой вынік у пасьюце, ён адзначыў, што апошні круг даўся яму вельмі цяжка. "Можна сказаць, нічога не памятаю. Памятаю толькі, што трэнеры крычалі: "Давай-давай!" — удакладніў Смольскі.
Па словах 20-гадовага спартсмена, у гэтай гонцы ён выліў усю злосць за чацвёртае месца ў спрынце.
Нагадаем, у апошні раз беларусы заваёўвалі медалі на юніёрскім ЧС у 2012 годзе. Тады трыумф святкаваў Максім Раманоўскі, які стаў бронзавым прызёрам у пасьюце і срэбным у "індывідуалке" і спрынце.
27 лютага на чэмпіянаце свету пройдуць юнацкія (U19) эстафеты, а завершыцца турнір 28 лютага юніёрскімі (U21) эстафетамі. За два дні да завяршэння юніёрскага чэмпіянату свету ў медальным заліку лідзіруюць Расія (3 залатыя, 3 сярэбраныя, 1 бронзавы медаль), Італія (3, 2, 2) і Францыя (3, 1, 1). Беларусь (0, 0, 1) дзеліць дзевятае месца з Казахстанам і Швецыяй.