Музей "Квантум" працуе паўгода, але напэўна паспеў закахаць у сябе не толькі дзяцей, але і дарослых. Розныя прылады, якія ілюструюць шматлікія "школьныя" законы фізікі, куды больш прыцягваюць увагу менавіта бацькоў, а не іх дзяцей. Хоць дзяцей у музеі, зразумела, таксама шмат. Яны гуляюць у перавернутым пакоі, пакоі Эймса ці "збіваюць" адзін аднаго з гукавой гарматы.
"Дзеці розныя, ёсць шалёныя, з імі складаней. Ёсць дзеці, якія слухаюць, пастаянна цікавяцца, з імі вельмі прыемна працаваць. Не сказаць, што я моцна стамляюся, але нагрузка на галасавыя звязкі ёсць", — распавёў Sputnik экскурсавод музея Андрэй Кавалёнак.
Ідэя музея нарадзілася ў дырэктара, калі ён падарожнічаў па розных гарадах Еўропы і падумаў: чаму не зрабіць музей навук і ў Мінску? Рэалізаваць праект удалося пасля двух год. Усе прылады былі зробленыя ў Беларусі: збіралася каманда з некалькіх чалавек, якая разам стварала прадметы.
"Самы складаны экспанат — той, які цяжэй за ўсё растлумачыць, прыдумаць, як яго зрабіць. У нас гэта люстэрка "Гезела" (люстэрка-шпіён). Я ўбачыў яго ў Варшаве, але не разумеў, як яго зрабіць. Паўтара месяца мы біліся з камандай, і калі прататып быў гатовы, гэта быў поспех", — паведаміў дырэктар музея Ілля Курашоў.
Музей выконвае і цалкам адукацыйныя функцыі. Ужо некалькі школ пасля праходжання тэмы на ўроку фізікі наведвалі "Квантум", каб замацаваць тэорыю на практыцы, паказаць дзецям, як працуюць тыя ці іншыя фізічныя і хімічныя законы.