МІНСК, 28 лют — Sputnik. Гурт "Крама" дасць вялікі "вясновы канцэрт" у бровары "Друзья" 26 сакавіка. Са слоў лідэра гурта Ігара Варашкевіча, гэта першы канцэрт у такім фармаце, але гурт плануе і ў далейшым збіраць сяброў і прыхільнікаў творчасці ранняй вясной.
У тых жа аматараў сапраўднага класічнага року і якаснай беларускай музыкі, хто па нейкіх прычынах не змог павіншаваць "Краму" з 25-годдзем у Prime-hall, ёсць магчымасць праслухаць юбілейную праграму 26 сакавіка.
Варашкевіч распавёў, што юбілейны канцэрт у Prime-hall планавалася здымаць на відэа. Але падчас канцэрту здарылася катастрофа — завіс лічбавы гукавы пульт, і гук быў запісаны з бракам.
"Сутнасць не ў тым, хто быў вінаваты ў той сітуацыі, а тым, што ўжо нічога не паробіш. Было шмат ідэй, напрыклад, запісаць гук для відэа ў студыі. Мы ад яе адмовіліся, таму што гэта будзе не сумленна. Таксама была ідэя перайграць гэты ж канцэрт у пустым Prime-hall, але, вядома, энэргетыка будзе зусім не тая, і мы таксама ад гэтага адмовіліся", — распавёў Ігар Варашкевіч.
Перабраўшы мноства ідэй, група вырашыў паўтарыць юбілейную праграму на вясновым канцэрце, у надзеі, што на гэты раз з гукам будзе ўсё добра. Атрыманы гук будзе змантаваны з відэа, знятым у лістападзе 2016-га.
"Канцэрты бываюць розныя, але гэта быў адзін з тых рэдкіх канцэртаў, калі ты проста купаешся ў гуку, выходзіш — і з першай песні ў цябе кантакт з залай, а свята доўжыцца дзве гадзіны. Таму губляць яго нельга, і мы вырашылі пайсці на такі кампраміс. Усё будзе па-сумленнаму. Проста гук будзе з іншай пляцоўкі", — падзяліўся Варашкевіч.
Адзінае адрозненне — на вясновым канцэрце не будзе запрошаных гасцей для выступлення з "Крамай" на адной сцэне, як гэта было ў Prime-hall.
"Гэта фізічна не магчыма. Мы, уласна кажучы, і ўвесь канцэрт не зможам паўтарыць, таму што ёсць песні, сыграныя ад пачатку і да канца, як на плытцы, пад метраном, а ёсць песні, якія маюць свой канцэртны варыянт: "Гэй, налівай", напрыклад, "Што дапаможа нам", дзе з залай ёсць пэўныя пераклічкі, там, дзе мы спяваем разам. На кожным канцэрце гэта адбываецца па-рознаму, і паўтарыць гэта немагчыма, тут законы матэматыкі не дзейнічаюць", — падзяліўся лідар "Крамы".