МІНСК, 1 сак — Sputnik. Чатырохкратная алімпійская чэмпіёнка па спартыўнай гімнастыцы Вольга Корбут заявіла, што паведамленні СМІ аб яе матэрыяльным становішчы, з-за якога яна нібыта прадала свае медалі, не маюць нічога агульнага з рэчаіснасцю.
На мінулых выходных у Даласе адбыўся аўкцыён Platinum Night ("Плацінавая ноч"). Галоўнымі лотамі сталі алімпійскія ўзнагароды легендарнай савецкай гімнасткі. Па выніках аўкцыёну з 32 прадметаў, выстаўленых на продаж, з малатка сышлі сем, у ліку якіх каманднае золата Алімпіяды-1972 у Мюнхене. Корбут зарабіла крыху больш за 180 тысяч долараў.
"Божухна, рускія СМІ сказалі, што я прадала свае медалі, таму што разарылася. Гэта няпраўда! Я шчаслівая і здаровая, жывучы ў Арызоне", — напісала Корбут на сваёй старонцы ў Twitter.
OMG, Russian article said I sold medals because I'm broke. Not true! Happy & healthy in AZ. @nbc @tmz @abc @cbs #fakenews. I have a gr8 life
— Olga Korbut (@OlgaKorbut1) 28 февраля 2017 г.
Былая гімнастка падкрэсліла, што ў яе "цудоўнае жыццё".
Корбут, якая нарадзілася ў Беларусі, пераехала ў ЗША ў 1992 годзе. Доўгі час ад яе не было ніякіх навін, і гісторыя з продажам алімпійскіх узнагарод выклікала грамадскі рэзананс.