МІНСК, 2 сак — Sputnik. Нацыянальны гістарычны музей адзначае ў апісанні праекту па збору грошай, што ў калекцыі ўстановы адсутнічаюць першыя манеты Вялікага Княства Літоўскага, адчаканеныя ў часы вялікіх князёў Ягайлы і Вітаўта.
Супрацоўнікі музея прапануюць усім ахвотным далучыцца да праекту, каб набыць у музейную калекцыю 9 раннелітоўскіх пенязяў.
Сумны стан сучаснай нумізматычнай калекцыі тлумачыцца тым, што даваенныя нумізтычныя зборы музея былі амаль цалкам страчаны пад час акупацыі Мінска (1941-1944), а таксама і там, што тыраж раннелітоўскіх манет быў невялікім і большая частка іх знойдзена ў апошнія дзесяцігодзі, пасля массавага з'яўлення металашукальнікаў.
На дадзены момант у зборах музея ёсць 2 раннелітоўскія манеты:
1. Пенязь, тып Звер/Кірылічны надпіс. Набыта ў 2010 годзе пры спонсарскай падтрымцы ААТ "Белзнешэканомбанк". Беларускі нумізмат Дзмітрый Гулецкі адносіць гэтую манету да часоў Альгерда (легенда на рэверсе расшыфроўваецца ім як ОЛКГНРД).
2. Пенязь, тып Дзіда з крыжом/Калюмны — адна з самых масавых манет. Адбіты ў Вільні ў часы Вітаўта Вялікага (дар прыватнай асобы).
"У параўнанні са зборамі Эрмітажа, музеяў Вільні, Варшавы і Кракава калекцыя НГМРБ выглядае прыкра і сумна. Але мы ў стане змяніць гэта", — адзначаецца ў паведамленні музея.
Агульны кошт калекцыі з 9 пенязяў складае 7200 рублёў. Яна складаецца з 1 манеты літоўскай імітацыі гюлістанскага данга Залатой Арды, 2 манет тыпу Шасціканцовы крыж/Звер, і 6 манет партрэтных дэнарыяў Ягайлы.
Гістарычны музей абяцае, што "пры ўдалым заканчэнні акцыі манеты будуць прэзентаваны грамадству і размешчаны ў адной з вітрын на экспазіцыі "Старажытная Беларусь", замест муляжоў грывен".