Нацыянальная бібліятэка Беларусі і Белгазпрамбанк прадставілі міжнародны выставачны праект "Шляхамі Скарыны з Белгазпрамбанкам".
У цэнтры выставачнага праекта — вернутая ў Беларусь "Малая падарожная кніжка" Францыска Скарыны (каля 1522 г., Вільня) з карпаратыўнай калекцыі Белгазпрамбанка.
Гэта больш, чым проста адно выданне: пад адным пераплётам — 18 кніг, упрыгожаных унікальнымі гравюрамі, застаўкамі і ініцыяламі, 9 з якіх маюць уласныя пасляслоўі беларускага першадрукара. Менавіта яе эксперты лічаць першай кнігай, выдадзенай у Вялікім Княстве Літоўскім. На сённяшні дзень гэта адзіны асобнік дадзенай кнігі ў нашай краіне.
Плануецца, што міжнародны выставачны праект "Шляхамі Скарыны" пройдзе ў еўрапейскіх краінах, звязаных з жыццёвым шляхам Францыска Скарыны — у Літве, Польшчы, Чэхіі, Італіі.
Адпраўной кропкай стане Нацыянальны музей "Палац вялікіх князёў літоўскіх" у Вільнюсе (Літва), дзе выстава пройдзе з 4 траўня па 4 чэрвеня. Акрамя "Малой падарожнай кніжкі", у праекце задзейнічана таксама "Кніга Іова" Францыска Скарыны (1517 г., Прага), прадстаўленая для экспанавання з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.