Uzari ведае, як зрабіць так, каб беларуская мова ў музыцы гучала па-новаму. Артыст вырашыў ствараць песні на беларускай мове яшчэ ў 2011-м годзе, калі прадстаўляў Беларусь на конкурсе "Новая хваля". І паступова склалася цэлая праграма, пра якую Uzari распавёў на радыё Sputnik Беларусь.
У новай акустычнай праграме Uzari, якую на мінулым тыдні пачула мінская публіка, усе песні аўтарскія, да іх напісаў тэксты Мікіта Найдзёнаў.
"Таксама гучала музычная цікавоска "Стыцамэн", гэта кавер на Івана Дорна. Запіс песні адбыўся нечакана — мы гралі на рэпетыцыі і неяк прыйшлі да кампазіцыі. Дарэчы, раней было шмат пытанняў, каб я запісаў гэтую кампазіцыю пасля ўдзелу ва ўкраінскім праекте "Голас краіны". І мы вырашылі, чаму не", — распавёў Uzari.
Музыка адзначыў, што зрабіць якасны кавер на вельмі вядомую публіцы песню — справа не надта лёгкая, тым больш што ў Дорна яна гучала як электронны поп, а гурт Uzari зрабіў кавер як вінтажны поп-рок.
"Я раней рабіў свае каверы на беларускія песні, на "Купалінку", "Касіў Ясь канюшыну", "Лапці", таму для мяне гэта уже не першы творчы экспертымент у гэтым напрамку", — адзначыў Uzari.
Музыка адзначыў, што для новай акустычнай праграмы гурт падрыхтаваў 7 песень, у тым ліку і прэм'еру кампазіцыі "Супрацьлеглыя", але ж падчас канцэрту публіка пачала прасіць больш і больш, і музыкам прыйшлося граць песні наноў, у тым ліку і хіт "Мора".
Першая беларуская песня Uzari "Мора" з'явілася ў сеціве увосень 2016 года. Зараз падчас акустычнай імпрэзы музыка прадставіў слухачам чарговую беларускамоўную прэм'еру "Супрацьлеглыя", а таксама здзівіў публіку беларускамоўнай кавер-версіяй песні Івана Дорна "Стыцамэн".
Беларускамоўныя сінглы Uzari мае намер выкладваць штомесяц, пакуль матэрыялу не назбіраецца на паўнавартасны беларускамоўны альбом, які публіка можа ўбачыць ужо ў гэтым годзе.
Поўную версію гутаркі з Uzari слухайце на радыё Sputnik Беларусь.