МІНСК, 23 сак — Sputnik. 26 сакавіка на філалагічным факультэце БДУ пройдзе V Мінскі фестываль моў, паведамілі ў прэс-службе моўнага фестываля.
"Аснову Фестывалю складаюць прэзентацыі моў. Прэзентацыя кожнай мовы — гэта захапляльная 45-хвілінная міні-лекцыя, падчас якой апавядальнік — спецыяліст па мове — падзеліцца са слухачамі найцікавейшымі фактамі пра гэтую мову", — распавёў прэс-сакратар фестывалю Мікіта Моніч.
Паводле яго словаў, прэзентацыі моў размеркаваныя па паралелях: у кожнай паралелі адначасова праходзяць 15 прэзентацый у розных аўдыторыях, так што наведвальнікі заўсёды маюць магчымасць абраць, на прадстаўленне якой мовы пайсці. Паралелей усяго 6, і, такім чынам, за дзень Фестывалю кожны можа азнаёміцца толькі з шасцю мовамі ці лекцыямі.
Уваход на фестываль вольны, але для наведвання патрэбная папярэдняя анлайн-рэгістрацыя.
Пазнаёміцца са спісам моў і лекцый, прачытаць анонсы выступаў, даведацца пра расклад, адрас і атрымаць іншую інфармацыю можна на афіцыйным сайце Мінскага фестывалю моў і ў суполках Фестывалю "УКантакце" і ў "Фэйсбуку".
Дзе: Філалагічны факультэт БДУ (вул. Карла Маркса, 31).
Калі: 26 сакавіка ў 10:00 пачатак.