Выхадныя будуць не па-сакавіцку халоднымі: паветра прагрэецца ў Мінску ўсяго да +3..+4°С, магчымы нават мокры снег. Зрэшты, нават такое надвор'е — не падстава сядзець дома, бо ў сталіцы пройдзе шмат цікавых падзей.
Акцыя "Гадзіна Зямлі"
Экалагічная акцыя створана для прыцягнення ўвагі да праблемы зменаў клімату ў свеце. Прыняць удзел у ёй проста: трэба з 20:30 да 21:30 у суботу выключыць святло і непатрэбныя электрапрыборы.
Акрамя самога флэш-мобу, 25 сакавіка можна наведаць тэматычны канцэрт, які пройдзе ў "Культурным цэнтры Корпус" па адрасе праспект Машэрава, 9. У падтрымку акцыі выступяць гурты Сансара і PortMone, а таксама Андрэй Козік. Пачнецца канцэрт 25 сакавіка ў 18:00.
Эксперыментальны тэатр
Артысты з калектыву "Галава-нага" 25 сакавіка пакажуць сваю працу "Мова Х" у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў. Пастаноўка створана па вершам сучаснай беларускай паэткі Вальжыны Морт. Рэжысёрам выступіў Аляксей Стрэльнікаў.
Спектакль ужо атрымаў прызнанне — на "Тэатральным Куфары-2016" яму дастаўся прыз у намінацыі "Лепшая эксперыментальная праца". У суботу пакажуць спектакль двойчы — ў 17:30 і 19:00.
Франкафоннае кіно
Ужо з пятніцы 24 сакавіка і ўвесь уікэнд у сталічным кінатэатры "Ракета" будуць паказваць лепшыя франкамоўныя фільмы апошняга часу.
Так, у суботу ў рамках міні-фэсту гледачам пакажуць стужку "Штукі Сафі" і мультфільм "Жыццё шынка", а ў нядзелю — "Эдэм", "Хлопчык-фантом" і "У цені жанчын". Усе фільмы будуць ісці на мове арыгіналу з рускімі субтытрамі, а кошт білета пачынаецца ад чатырох рублёў.
Канцэрт джазвумэн Агі Зарыян
Джазавая вакалістка і лаўрэат шматлікіх узнагарод — менавіта так пра палячку Агу Зарыян пішуць арганізатары яе выступу. Зрэшты, гэта сапраўды так — Зарыян супрацоўнічае з лэйблам Blue Note Records і вядомая па ўсім свеце.
Перад мінскімі гледачамі Ага Зарыян выступіць у нядзелю 26 сакавіка ў Белдзяржфілармоніі. Пачатак — у 19:00.
Фільм "Манчэстар ля мора"
Карціна выйшла ў беларускі пракат 23 сакавіка, хоць свет паглядзеў яе яшчэ ў канцы мінулага года. Фільм "Манчэстар ля мора" атрымаў шмат намінацый на "Оскар", а выканаўца галоўнай ролі Кейсі Афлек заваяваў узнагароду як лепшы акцёр. Абавязкова паглядзіце фільм "Манчэстар ля мора".
Пачытаць падрабязней пра карціну вы можаце ў рэцэнзіі Sputnik>>