Яснае сонца загляне ў ваконца

© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяДзеці гукаюць вясну
Дзеці гукаюць вясну - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Калі хто-небудзь чуў хоць аднойчы, як гукаюць вясну, то ніколі пра тое не забудзецца. Гэта ні з чым не параўнальна.
Адчуванне юнацтва — быццам бы ўсё наперадзе. Вясна заўсёды маладая і прыгожая. У яе вянок на галаве і сінія, як пралескі вочы. Вясна заўсёды нясе спадзяванне на лепшае. Вясна — гэта пра каханне.
Ларыса Мятлеўская, Sputnik.

Аб каханні Вясны і Грома

Самы прыгожы і светлы вобраз у розных праявах народнай творчасці з глыбокіх часоў належыць Вясне-Вяснянцы. Яе малююць самымі яркімі фарбамі. Маладая прыгажуня ў зялёным саване, уся ў кветках едзе на залатым кані. Як не закахацца ў такую! Ну вядома ж, па ўсіх канонах народных уяўленняў каханне сябе чакаць не прымусіла.
Карагод і вогнішча: як гукалі вясну ў Строчыцах - Sputnik Беларусь
Фота
Карагод і вогнішча: як гукалі вясну ў Строчыцах
Згодна легендзе сустрэў неяк Гром Перуновіч Вясну-Вяснянку і кажа: "Добры дзень, Вяснянка, мая першая каханка! Я цябе даўно шукаў, спакою не знаў". Пакланілася яму Вяснянка, усміхнулася і паляцела да Сонца. Раззлаваўся Гром Перуновіч, грыміць, маланкай паліць, бліскавіцаю, стрэламі б'е… Спужалася Вяснянка, павінілася Грому гучнаму, пакланілася да сырой зямелькі, усміхнулася зарой яснаю, дзеўкай краснаю. Вось так Гром Перуновіч і Вясна-Вяснянка сталі мужам і жонкаю, з таго часу ў іх згода ды каханне. Усміхаецца Вясна-Вяснянка ясным сонейкам — мацней грыміць Гром Перуновіч громам ды маланкаю. Ад гэтага кахання расквітнелі сады — прысады, лясы зялёныя, лугі квяцістыя. Такі вось шчаслівы канец гэтай, дарэчы, жыццёвай гісторыі.
Вясенні карагод

Вяснянкі на Вялікі пост

Няма жывога на зямлі, якое б не імкнулася да святла і цяпла, і таму, каб паскорыць іх прыход, трэба штосці зрабіць, напрыклад, паклікаць або загукаць Вясну "вяснянкамі". Іх прынята спяваць ад першага подыху Вясны і да св. Яна (Купалля), але ж у гэты перыяд звычайна бывае пост і па канонах хрысціянскай веры не можна ні спяваць, ні скакаць. Ізноў сутыкненне старой і новай веры. Здаецца, чаго б журыцца, радуючыся нараджэнню веснавога сонца, надыходу цяпла, пачатку палявых работ, надыходу Новага года, які даўней пачынаўся ў славян менавіта гэтай парой? На гэты конт вядомы этнограф Адам Багдановіч, вывучаючы ў канцы ХІХ ст абрадавую культуру беларусаў у Слуцкім, Барысаўскім, Мінскім паветах заўважаў, што, па ўспамінах старажылаў, вяснянкі неперапынна спявалі падчас усяго Вялікага посту. Але з цягам часу пад уздзеяннем духавенства і больш свядомага стаўлення да хрысціянскай веры такія спевы амаль перапыніліся. Пасля Вялікадня яны зноў аднаўляліся, збіраючы моладзь на вольных ад снегу пагорках.

Да абрадаў беражліва ставіцца трэба

Цяпер многія старадаўнія звычаі і магічныя абрады беспаваротна забытыя. Зразумела, час ідзе, уносячы карэктывы ў сучаснае жыццё. Зрэшты цяпер мы не так, як нашы продкі-земляробы, залежым ад зямлі. І ўсё ж мудрасць пакаленнняў, іх духоўны і матэрыяльны вопыт, хараство мастацкай культуры прыцягваюць да сябе. Да ўсяго гэтага трэба беражліва ставіцца. Цяпер шмат хто бярэцца адраджаць старыя звычаі, толькі не ўсім гэта па сілах. Тут патрэбны глыбокія веды і густ. Штучна створаныя абрадавыя святы часам выклікаюць усмешку. Але ёсць і такія, заснаваныя на мясцовых звычаях, дзеля якіх едуць з розных куткоў Беларусі.

Вясна — радасць

Гуканне вясны — маё любімае народнае свята. Адрадзіўшыся ў сярэдзіне 80-х мінулага стагоддзя, яно працягвае сваё існаванне. Сёлета "гукаць вясну" пачалі ў в. Тонеж, што на Гомельшчыне, абрадам Чырачкі. Працягнулася свята ў Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту, што пад Мінскам. Свята ладзіцца там ужо больш за 20 гадоў. Не раз прымала ўдзел у ім і я. На музейнай пляцоўцы гучалі веснавыя галасы з усіх куткоў Беларусі. Гукаюць вясну і ў іншых культурных установах Беларусі.
Я ж, апошнім часам, палюбіла ездзіць з сяброўкай на свята ў Вязынку. Калі хачу рамантыкі, саджуся на электрычку і сярод спяваючай моладзі еду, прыхапіўшы ссабойку, на радзіму Я. Купалы. Усяго гадзіна, і мы на месцы. Прырода, рака, жаўрукі і надзвычайная атмасфера, якую не можа сапсаваць ні мароз, ні снег з дажджом, якія часам бываюць гэтай парою.
У гэты дзень на тэрыторыі Музея можна будзе пабачыць і пачуць шмат цікавага: паспяваць разам з фальклорнымі гуртамі вяснянкі, прыняць удзел у розных майстаркласах для дзяцей і дарослых, пахадзіць у адмысловых карагодах, набыць сувеніры ад народных майстроў, пачаставацца народнымі стравамі, пагушкаццы на арэлях.

Гуканне ў Вязынцы

Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы ладзіць штогод свята Гуканне вясны сумесна з Рэспубліканскай маладзёжнай грамадскай арганізацыяй "Студэнцкае этнаграфічнае таварыства". СЭТ — гэта людзі, якія імкнуцца захаваць беларускую традыцыйную культуру і актуалізуюць яе ў сучасным гарадскім асяроддзі. Сярод іх этнографы, майстры, людзі розных прафесій і адукацый, зацікаўленая моладзь. У таварыства вялікі вопыт па стварэнню абрадавых свят.
Дзейнасць арганізацыі па захаванню і папулярызацыі традыцыйнай культуры не засталася не заўважанай. З 2014 года "Студэнцкае этнаграфічнае таварыства" з'яўляецца акрэдытаванай установай пры ЮНЕСКА як кансультант па пытаннях нематэрыяльнай спадчыны Беларусі. Цікава? Тады раю далучыцца да гэтага свята. Дарэчы, па рашэнню Міжнароднай арганізацыі ЮНЕСКА музей уключаны ў міжнародны турыстычны маршрут і яго варта наведаць.
Сёлета свята пачнецца ў 13:00 26 сакавіка і працягнецца да 17:00. Так што калі хто спозніцца — не бяда. Праграма чакаецца насычаная. На свята прыедуць фальклорныя гурты не толькі з Мінску, але і з Полацку, Лагойску, Міханавіч. Упершыню будзе зладжаны перформанс і майстарклас са свістулькамі сямейнай студыі мастачкі Н. Сухой. У свяце прыме ўдзел ГА "Ахова птушак Бацькаўшчыны".
Упэўнена, вашым набыткам будзе добры настрой. Да сустрэчы і не сумных вам дзён!
Стужка навiн
0