МІНСК, 28 сак — Sputnik. На пачатку ІХ стагоддзя ў абацтве Келз, якое знаходзіцца на тэрыторыі Ірландыі, з'явілася незвычайная кніга. У яе шмат назваў, адно з іх — "Келзское Евангелле" ці "Кніга Келза". Прэзентуючы аднайменны мультфільм для гледачоў, большасць з якіх — дзеці, арганізатары кінапаказу для нагляднасці растлумачылі: у кожнага народа ёсць свая святыня, для ірландцаў Кніга Келза — як для беларусаў Крыж Ефрасінні Полацкай. Юны глядач заківаў, улавіўшы паралель, пафатаграфаваўся з бацькамі на фоне кардоннага лесу, пагаджаючыся з прапановай фатографаў "Дзеці, хадзем у лес!" і уладкаваўся ў крэсле кінатэатра "Масква" — пачыналася прыгожая гісторыя пра святыні, нашэсце вікінгаў і надзею.
Пра што мультфільм
Кніга Келза, якой прысвечаны мультфільм, лічыцца самым значным помнікаў мастацтва сярэднявечнай Ірландыі. Мультфільм вытрыманы ў стылістыцы кнігі, а ў канцы паказаны сапраўдныя ілюстрацыі з яе. Выявы сапраўднай кнігі настолькі дасканалыя, што некаторыя нельга разгледзець без спецыяльнай оптыкі. Так, напрыклад, даследчыкі ўзяліся вывучыць адзін яе фрагмент памерам прыкладна ў 2,5 квадратных цалі і выявілі, што на гэтай маленькай плошчы змясцілася 158 элементаў!
Задача галоўнага героя — абараніць кнігу ад нашэсця вікінгаў, якіх цікавіць толькі золата. Забраўшы багата ўпрыгожаную вокладку, яны не кранулі самой кнігі. Ад вікінгаў героі спрабавалі абараніцца высокай сцяной, але яна не выратавала. Стваральнікі мультфільма кажуць, што ад зла нельга адгарадзіцца сцяной, цемру можна перамагчы толькі святлом.
Галоўны герой павінен зрабіць справай свайго жыцця маляванне "хрыстаграмы" — гэта манаграма імя Хрыста, якая складаецца з перакрыжаваных літар "Х" і "Р". У кнізе з "хрыстаграмы" пачынаецца аповед пра жыццё Ісуса Хрыста і гэтыя прыгожа аформленыя літары займаюць цэлую старонку.
"Калі ў вас дэпрэсія і складаная сітуацыя ў жыцці, паглядзіце гэты мультфільм, каб зразумець — выйсце ёсць заўсёды", — параілі арганізатары паказу.
Хто перавёў мультфільм
Галоўныя ролі ў беларускамоўнай версіі мультфільма агучылі акцёры тэатра ім. Янкі Купалы — Павел Харланчук і Ганна Хітрык. Мультфільм у ірландцаў атрымаўся не толькі разумным, але і неверагодна прыгожым, а дзеці ацанілі ірландскае пачуццё гумару.
У мінскім кінатэатры мультфільм паказалі ў межах праекта "Беларускiя уiкенды". У красавіку працягнуць агучваць стужкі на беларускай мове і пакажуць карціну "Уваскрослы".