МІНСК, 29 сак — Sputnik. Заўтра ў Мінску ў галерэі "Універсітэт культуры" адкрыецца выстава "Валянцін Елізар'еў: рэпартаж з цяперашняга часу". Гледачы змогуць убачыць "закадравае" жыццё балета — як праходзяць рэпетыцыі вядомага харэографа, яго працу са студэнтамі ў рэпетыцыйных залах Музычнага тэатра Беларусі.
"Я лічу, што кожны павінен пакінуць пасля сябе вучняў. І гэта не павінна быць копія цябе. Важна развіць іх здольнасці — у гэтым галоўная задача настаўніка. Задача педагога — навучыць іх убачыць нешта сваё ў матэрыяле і паказаць гэта", — распавёў харэограф у мультымедыйным прэс-цэнтры Sputnik.
Аўтар фатаграфій — студэнт адной з мінскіх ВНУ, малады фатограф Мікіта Фядосік.
"Ідэя праекта з'явілася спантанна. Мікіту пашчасціла трапіць на рэпетыцыю Валянціна Мікалаевіча, паназіраць, як маэстра працуе з вучнямі. Узнікла ідэя захаваць гэтую імгненную жэсту педагога. Бо мы ўсе ведаем Елізар'ева як харэографа, а тут ён у новай іпастасі — настаўніка", — распавяла куратар выставы Кацярына Саладуха.
Малады фатограф прызнаўся, што балет зацікавіў яго, калі ён аднойчы ўбачыў пастаноўку "Спартак", а калі падгарнуўся выпадак папрысутнічаць на занятках Елізар'ева, ён ім з задавальненнем скарыстаўся.
"Я зразумеў, што хачу распавесці сваім аднагодкам пра гэтага чалавека, пра мастацтва балета. Я хацеў бы, каб яны паспелі ўбачыць тыя яго спектаклі, якія ідуць у Вялікім тэатры, а тыя, якія ўжо не ідуць — паглядзець у інтэрнэце", — распавёў Мікіта.
Ён хадзіў да Елізар'ева на заняткі некалькі месяцаў. З тысячы знятых кадраў для выставы было абрана 54. Адбіралі вельмі прыдзірліва, у гэтым Мікіту дапамагаў яго дзед Саша Варламаў.
"Гэта першая выстава ў жыцці Мікіты і першая фотавыстава для мяне", — прызнаўся на прэзентацыі ў МПЦ Sputnik Елізар'еў.
Ён дадаў, што першыя дні, калі малады чалавек стаў хадзіць на рэпетыцыі, ён моцна раздражняў: "Потым я да яго прывык, а цяпер яго як быццам не хапае на занятках". Па словах Елізар'ева, яго падкупіла шчырасць і цікаўнасць маладога фатографа.
"Хацелася паказаць яму свет балета — той свет, які ён не бачыў ніколі, які нябачны і для гледача. Мікіта апынуўся вельмі ўспрымальным — па-мойму, у выставе ёсць нешта зачаравальнае", — распавёў Елізар'еў.
Гэтая выстава — адно з першых мерапрыемстваў напярэдадні юбілею Валянціна Елізар'ева. Сваё 70-годдзе харэограф адзначыць у канцы кастрычніка на сцэне Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі двума аўтарскімі пастаноўкамі — новай рэдакцыяй легендарнага "Спартака" і гала-канцэртам зорак сусветнага балета.
Выстава будзе доўжыцца да 13 красавіка, уваход на яе бясплатны.