ГРОДНА, 1 кра — Sputnik, Валерыя Салаўёва. Скульптура гродзенскай жабкі-падарожніцы цяпер стала грашовым талісманам для гарадзенскіх турыстаў. Два месяцы таму яе забралі на рэканструкцыю, а ў пятніцу, 31 сакавіка, вярнулі на ранейшае месца — на высокую клумбу побач з турыстычным цэнтрам на вуліцы Ажэшкі.
Жабка з клункам на плячы і раней была ўлюбёнкай турыстаў. У канцы студзеня яе дэмантавалі, каб аднавіць пасля таго, як скульптуру сапсавалі вандалы. Невядомыя адламалі бронзавы посах і торбу.
Рэканструкцыя доўжылася амаль два месяцы. Як распавёў скульптар Уладзімір Панцялееў, каб адліць з бронзы страчаную частка, прыйшлося спецыяльна ехаць у Мінск, рабіць адмысловыя формы. Цяпер адарваць новы кій будзе больш складана — ён пасаджаны на вялікі надзейны ніт.
Ідэя зрабіць жабку грашовым талісманам для турыстаў прыйшла зусім раптоўна. Калі скульптуру забіралі на рамонт, то знайшлі пад ёй шмат манет — літы, злотыя, еўра, расійскія рублі, грыўны. "Мы адразу вырашылі, што турысты не праходзілі спакойна міма жабкі, а грошы пакідалі на поспех і выкананне жаданняў", — адзначыў Панцялееў.
Менавіта таму было вырашана зрабіць для жабкі-падарожніцы цэлы металічны куфар-скарбонку. Падчас устаноўкі ў яе вярнулі знойдзеныя манеткі.
Як распавёў намеснік старшыні Рэспубліканскага турысцка-спартыўнага саюза Сяргей Каляда, якому ў 2009 годзе належала ідэя стварыць гэтую скульптуру, шкатулку плануюць адкрываць кожную пятніцу. А ключ ад яе будзе захоўвацца ў інфармацыйным цэнтры. Грошы пойдуць на добраўпарадкаванне тэрыторыі інфацэнтра і на дабрачыннасць. Суразмоўца адзначыў, што вандалы, якія абрабавалі бронзавую жабу, так і не былі знойдзеныя. Каб прадухіліць такія выпадкі, трэба ўсталяваць вонкавую відэакамеру. Цяпер трэба атрымаць дазвол ва ўладальніка будынка на гэта.