МІНСК, 5 кра — Sputnik. Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін на сустрэчы з кіраўнікамі органаў бяспекі краін СНД назваў пяць асноўных пагроз, якія ўплываюць на сітуацыю ў краінах Садружнасці.
Сустрэча з кіраўнікамі спецслужбаў прайшла праз некалькі дзён пасля выбуху ў піцерскім метро, які, на думку кіраўніка расійскай дзяржавы, пацвярджае, што сітуацыя з пагрозай тэрарызму не паляпшаецца, практычна кожная з краін СНД з'яўляецца патэнцыйным аб'ектам тэрарыстычных нападаў.
"Шмат і іншых пагроз для нашых краін. Гэта і арганізаваная злачыннасць, і наркатрафік. Гэта, дарэчы кажучы, і карупцыя, гэта і ўздзеянне знешніх сіл, якія, так ці інакш, спрабуюць паўплываць на развіццё ўнутрыпалітычных сітуацый у нашых краінах", — сказаў Пуцін.
Кажучы пра складаныя і шматстайныя задачы, якія стаяць перад кіраўнікамі органаў бяспекі, расійскі лідэр адзначыў эфектыўнае супрацоўніцтва спецслужбаў у рамках СНД і выказаў надзею, што гэта ўзаемадзеянне будзе развівацца і далей.
"Мы ведаем, што кожная з нашых краін, практычна кожная, з'яўляецца магчымым, патэнцыйным аб'ектам тэрарыстычных нападаў", — канстатаваў прэзідэнт.
Нагадаем, што прэзідэнт РФ на аналагічнай сустрэчы ў 2015 годзе звярнуў увагу на існуючыя пагрозы вакол краін СНД, да якіх дадаюцца новыя, улічваючы сітуацыю ў Афганістане, на Блізкім Усходзе. Пуцін тады заявіў, што без эфектыўнай работы спецслужбаў дзяржавы не могуць развівацца, эфектыўна змагацца з арганізаванай злачыннасцю і тэрарызмам.
Расійскі лідэр таксама неаднаразова звяртаў увагу на тое, што ў Сірыі сярод баевікоў ёсць выхадцы з Расіі і рэспублік былога СССР. У канцы лютага кіраўнік дзяржавы заявіў, што гаворка ідзе ў агульнай складанасці аб дзевяці тысячах чалавек.
У сваю чаргу Антытэрарыстычны цэнтр СНД паведамляе, што колькасць баевікоў, якія выязджаюць з краін СНД, скарачаецца, назіраецца працэс іх вяртання назад.