МІНСК, 10 кра — Sputnik. "Касмічныя" работы народнага мастака Беларусі Івана Міско прадставіць рэтраспектыўная выстаўка ў Мінску да 85-гадовага юбілею скульптара, паведамілі ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага.
Выстава адкрыецца 12 красавіка ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага. У экспазіцыі "Космас Івана Міско", прысвечанай 85-гадоваму юбілею народнага мастака Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі СССР, лаўрэата прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва Івана Міско.
"Адкрыццё выставы адбудзецца ў Дзень касманаўтыкі не выпадкова, бо Івана Міско называюць "касмічным" скульптарам, а касманаўтыка — адна з цэнтральных тэм яго творчасці. Ён аўтар цэлай галерэі скульптурных партрэтаў выдатных прадстаўнікоў гэтай прафесіі. Сярод іх ледзь не ўсе касманаўты былога Савецкага Саюза, а таксама касманаўты — ураджэнцы Беларусі Уладзімір Кавалёнак, Пётр Клімук і Алег Навіцкі. Івану Міско пазіравалі многія ўдзельнікі інтэрнацыянальных экіпажаў — прадстаўнікі Польшчы, Кубы, Румыніі, Манголіі, Францыі, Германіі, Балгарыі, Сірыі, Вялікабрытаніі, В'етнама, Аўстрыі, Японіі, Афганістана, Індыі. Выстава ўяўляе сабой рэтраспектыву творчасці Івана Міско", — распавялі ў галерэі.
Наведвальнікі азнаёмяцца з рэтраспектывай вобразаў, створаных скульптарам з 1970-х гадоў да нашых дзён. Прадстаўлены партрэты дырыжора Рыгора Шырмы, пісьменніка Янкі Маўра, кампазітара Яўгена Цікоцкага, кампазітара Ігара Лучанка, народнага артыста СССР Мікалая Яроменкі, народнага артыста СССР Генадзя Аўсяннікава, вынаходніка прататыпа многаступеньчатай ракеты Казіміра Семяновіча і цэлая серыя партрэтаў касманаўтаў. Экспануюцца розныя рэльефныя кампазіцыі на тэму космасу, памятныя медалі, праекты. Манументальная скульптура Івана Міско прадстаўлена ў фотаздымках. Створаныя аўтарам помнікі ўпрыгожваюць не толькі гарады Беларусі, але і многіх краін свету.
У нямецкім Патсдаме ўстаноўлена кампазіцыя Івана Міско "Разам на зямлі і ў космасе", барэльефы ў гонар Сяргея Каралёва і Юрыя Гагарына — у Зорным гарадку, помнік рускаму пісьменніку Сяргею Аксакову — у сядзібе Надзеждзіна ў Башкартастане, кампазіцыя "Космас" — у горадзе Алія ў Ліване.
Асобны раздзел экспазіцыі прадстаўляюць фатаграфіі, зробленыя з борта МКС, з аўтографамі касманаўта Алега Навіцкага.
Фотахроніка дэманструе працэс з'яўлення скульптуры ў майстэрні мастака ў Мінску на вул. Інтэрнацыянальнай, 11а, дзе ўжо больш за 40 гадоў працуе Іван Якімавіч. Усе свае работы скульптар перадаў гораду Мінску. Майстэрня Івана Міско набыла новы статус — уключана ў структуру Музея гісторыі горада Мінска.
Выстава "Космас Івана Міско" знаёміць з лепшымі творамі аўтара, усё жыццё якога прысвечана служэнню бязмежнаму і вечнаму, як космас, мастацтву.