МІНСК, 12 кра — Sputnik. V Міжнародная выстава-конкурс сучаснага мастацтва "Беларускі тыдзень мастацтваў" збярэ арт-аб'екты больш, чым з 20 краін, распавялі арганізатары мерапрыемства.
Найважнейшым аспектам "Беларускага тыдня мастацтваў" сезону "вясна-2017" з'яўляецца ўдзел у журы кіраўнікоў секцый найбуйнейшых у Расіі грамадскіх аб'яднанняў — Саюза мастакоў Расіі, Творчага саюза мастакоў Расіі, Маскоўскага саюза мастакоў і шэрагу рэгіянальных аб'яднанняў.
"Удзел у журы знакамітых мэтраў свету мастацтва дасць магчымасць не толькі прафесійна ацаніць прадстаўленыя на выставе арт-аб'екты, але і адкрыць новыя магчымасці і новы сэнс для новых аўтараў, бо сярод удзельнікаў будуць вызначаны асобы, хто атрымае магчымасць уступіць у гэтыя творчыя аб'яднанні", — распавялі арганізатары выставы.
Belarus ArtWeek сёлета збярэ арт-аб'екты з больш чым з 20 краін свету, практычна ўсіх рэгіёнаў Расіі і Беларусі пад новай актуальнай тэмай: "Мастацтва ў эпоху пераменаў".
"Гэтая тэма адлюстроўвае актуальныя пошукі мастакоў і майстроў, іх эксперыменты ў формах, жанрах і кірунках. Пытанні сучаснага і будучага светаўпарадкавання, пытанні пошуку духоўнага падмурку, пытанні месца, ролі і формаў сучаснага мастацтва ў жыцці грамадства і індывіда — вось тыя тэмы, якія выстава паспрабуе праілюстраваць і вывучыць у развіцці і кантэксце сучаснага грамадства, па ўнутранай філасофіі, візуальнай і пластычнай мове", — распавялі арганізатары.
У межах "Беларускага тыдня мастацтваў" наведьвальнікаў чакаюць эксклюзіўныя майстар-класы са знакамітымі мастакамі, творчыя вечарыны і прэс-канферэнцыі.
Art week, як мастацкая выстава і міжнародны арт-праект, праводзіцца ў 22 краінах свету, кожны раз форум адкрывае новыя імёны ў галіне графікі, выяўленчага мастацтва і дызайну.
Выстава пройдзе 15-21 красавіка ў мінскім Доме Масквы (вул. Камуністычная, 6); час працы — з 10 да 19; уваход вольны.