МІНСК, 12 кра — Sputnik. Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры 21 красавіка ўрачыста адкрывае выстаўку фотамастака Марыны Бацюковай "Сула. Непарыўнае — 2".
Як паведамілі ў музеі, наведвальнікі атрымаюць магчымасць упершыню пазнаеміцца з чорна-белымі стужкавымі фотаздымкамі, прысвечанымі вясковаму абраду "Ваджэнне і пахаванне стралы". Эфект прысутнасці падчас абраду будзе ўзмоцнены музычным суправаджэннем калектыву "Страла" і дэманстрацыяй адмысловай дакументальнай кінастужкі.
Аўтарам праекту з'яўляецца Марына Бацюкова — спецыяліст у галіне дакументальнай і канцэптуальнай фатаграфіі.
У сваёй новай працы Марына Бацюкова даследуе жыццё ў вёсках Неглюбка і Стаўбун Гомельскай вобласці падчас унікальнага вяснавога свята — абраду "Пахаванне стралы (сулы)".
Спецыялісты распавялі, што гэты абрад звязаны з зямлёй, яе ўрадлівасцю, скіраваны на ўміласціўленне прыроднай стыхіі — маланкі-стралы. Ён мае глыбокія архаічныя карані, жыхары вёсак і самі не ўзгадваюць, з чаго ўсё пачалося. Але традыцыя свята пакаленнямі застаецца нязменнай: жанчыны прыбіраюцца ў нацыянальныя строі, збіраюцца разам і ідуць працэсіяй праз усю вёску, спяваючы рытуальныя ("стрэльныя") песні. Яны рухаюцца да жыта, дзе закопваюць у зямлі "Сулу", тым самым хаваючы цёмную сілу разбурэння, магічным вобразам пераўтвараючы яе ў дабро, багацце і поспех. Пасля гэтага ладзяць вясёлыя карагоды, працягваюць спевы, танчаць.
Абрад "Ваджэнне і пахаванне стралы" ўключаны ў Дзяржаўны спіс нематэрыяльнага праяўлення творчасці чалавека і з'яўляецца нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю Беларусі.
Дзе: Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры, зав. Музычны, 5.
Калі: 21 красавіка а 16-й гадзіне.