МІНСК, 15 кра — Sputnik. Фестываль беларускіх страў "Пікнік па-беларуску" адбудзецца 29 красавіка і прымеркаваны да адкрыцця турыстычнага сезону на Аўгустоўскім канале, распавялі арганізатары мерапрыемства.
Уся праграма мерапрыемства будзе насычана нацыянальным каларытам і складацца з некалькіх тэматычных кірункаў — кулінарнага, музычнага, забаўляльнага і пазнавальнага.
Распачнецца фестываль апоўдні канцэртнай праграмай "Аўгустоўская музычная хваля", у якой возьмуць удзел ансамблі народнай і фальклорнай песні.
У гэты ж час на асобнай пляцоўцы распачне сваю працу "Прадмесце прысмакаў". Тут будзе прадстаўлена традыцыйная кухня аграгарадка Адэльск, якая ўнесена ў Дзяржаўны спіс нематэрыяльных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь.
"На фестывалі развернецца маштабнае кулінарнае шоу, у межах якога можна будзе паўдзельнічаць у конкурсах "З'еш блінок — пакаці дубок", на самы вялікі дранік "МЕГАдран" і на самае хуткае з'яданне дранікаў. Акрамя таго, будуць праведзены конкурсы на найсмачнейшую "бабіну кашу" і арыгінальны рэцэпт яе прыгатавання, а таксама на самае хуткае ўзбіванне масла і тварагу", — распавялі арганізатары мерапрыемства.
Яны таксама паведамілі, што на "пікніку" будць працаваць зоны дваранскай і сялянскай кухні.
У межах фестываля будзе працаваць выстава-кірмаш "Беларускі каларыт", дзе будуць прадстаўлены незвычайныя вырабы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, а майстры аддзелу этнаграфіі, фальклору і рамёстваў Гродзенскага раённага цэнтра правядуць майстар-класы па народным рамёствам.
Народны аматарскі калектыў маладзёжнай студыі моды "Купава" Гродзенскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі прадставіць дэфіле ў нацыянальных строях.
Цягам усяго дня для гасцей фестывалю будуць працаваць разнастайныя атракцыёны — "Яблычныя начоўкі", "Аўгустоўскі слуп", а таксама фотаатэлье і літаратурнае кафэ.
У дзень мерапрыемства можна наведаць доты і Музей гісторыі Аўгустоўскага канала — для ўсіх жадаючых будзе працаваць экскурсійны маршрут "Аўгустоўская вандроўка".