МІНСК, 16 кра — Sputnik. Фестываль пройдзе 30 красавіка на Аўгустоўскім канале ў Гродзенскім раёне, дзе сваё майстэрства валодання танцам прадэманструюць удзельнікі аматарскіх калектываў з усёй Гродзеншчыны.
Асноўныя мэты мерапрыемства — падтрымка і захаванне мясцовай танцавальнай культуры, пашырэнне культурных сувязяў і развіццё турызму.
"На фестывалі можна будзе паўдзельнічаць у майстар-класах па бытавых танцах, якія правядуць фальклорныя калектывы Гродзенскай вобласці і раёна", — распавялі арганізатары мерапрыемства.
Яны таксама дадалі, што цягам усяго дня будуць працаваць дзіцячыя атракцыёны і святочны кірмаш. Наведвальнікаў таксама чакае выстава-кірмаш дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва "Беларускі каларыт" з прэзентацыямі і майстар-класамі ад народных рамеснікаў.
Клубныя ўстановы Гродзенскага раёна запросяць гасцей на падворак "Прадмесце прысмакаў" з выставай-продажам страў беларускай нацыянальнай кухні. Тут можна будзе паўдзельнічаць у кулінарным шоу "Нацыянальнае ноу-хау", дзе кожны жадаючы зможа прыгатаваць традыцыйныя стравы па сучасных тэхналогіях.
У межах фестывалю адбудзецца займальны бібліяквэст "Аўгустоўскі карагод", дзе юныя госці змогуць пазнаёміцца з гісторыяй, флорай і фаунай Аўгустоўскага канала. Дзеці будуць вырашаць займальныя галаваломкі, адгадваць кодавыя фразы, выкарыстоўваючы розныя падказкі.
Сярод гледачоў і гасцей фестывалю пройдзе конкурс на лепшы нацыянальны касцюм "Вышыванка".
Кульмінацыяй мерапрыемства стане танцавальны флэшмоб па-беларуску "Полька беларуская".