МІНСК, 21 кра — Sputnik. Беларуская тэнісістка Аляксандра Сасновіч (96-е месца ў рэйтынгу WTA) і швейцарка Вікторыя Галубіч (54) адкрыюць паўфінальны матч Кубка Федэрацыі, паведамілі Sputnik у Беларускай тэніснай федэрацыі.
У выхадныя, 22 і 23 красавіка, на "Чыжоўка-Арэне" адбудзецца паўфінальны паядынак Кубка Федэрацыі паміж зборнымі Беларусі і Швейцарыі. У суботу адбудуцца дзве адзіночныя гульні. У 13:00 на корт выйдуць Сасновіч і Галубіч. Затым будуць змагацца Арына Сабаленка (125) і лідар швейцарскай зборнай Тымеа Бачынскі (22).
На наступны дзень запланаваны тры матчы: Сасновіч — Бачынскі, Сабаленка — Галубіч, а таксама парная сустрэча Вольга Гаварцова / Вера Лапко — Марціна Хінгіс / Белінда Бенчыч.
Пасля першага дня капітаны каманд Эдуард Дуброў і Хайнц Гюнтхардт могуць правесці замены ў складах сваіх дружын.
Беларускія тэнісісткі ўпершыню прымаюць удзел у паўфінале Кубка Федэрацыі. Швейцаркі другі раз выйшлі ў 1/2 турніру.
Раней каманды Беларусі і Швейцарыі тройчы сустракаліся ў гэтым турніры — беларускі атрымалі адну перамогу, саступіўшы ў двух сустрэчах. У камандным жаночым рэйтынгу зборная Беларусі зараз на пятым месцы, Швейцарыя на адну пазіцыю вышэй.
У іншым паўфінале дзейсныя ўладальнікі Кубка Федэрацыі чэшскія тэнісісткі згуляюць у гасцях у каманды ЗША. Фінальны матч неафіцыйнага чэмпіянату свету сярод жаночых каманд адбудзецца 11-12 лістапада.